Мінск 23:08

Праз аварыю ў Смалявічах парушана ацяпленне ў 47 шматкватэрных і 16 прыватных дамах

Фота: "Край смалявіцкі"

20 студзеня, Позірк. Пра парыў цеплатрасы па вуліцы Жодзінскай у Смалявічах (Мінская вобласць) паведамляе раённая газета “Край смалявіцкі”.

“Для хуткага і бяспечнага правядзення рамонтных работ была аператыўна прыпынена работа цэнтральнай кацельні. У выніку часовага адключэння цяпла ўзнікнуць нязначныя перабоі з ацяпленнем у 47 шматкватэрных і 16 прыватных жылых дамах”, — адзначаецца ў публікацыі.

Паводле слоў намесніка старшыні мясцовага райвыканкама Аляксея Горбача, на ліквідацыю парыву спатрэбіцца 4–5 гадзін.

“Поўнае аднаўленне цеплазабеспячэння ва ўсіх закранутых дамах плануецца завяршыць да раніцы”, — паведамляе выданне.

19 студзеня кіраўнік Міністэрства энергетыкі Дзяніс Мароз заявіў, што ў 3.30 ночы “пры тэмпературы паветра мінус 21 градус на адной з магістраляў, якія сілкуюць Мінск цеплавой энергіяй ад ТЭЦ-4, быў пашкоджаны кампенсатар дыяметрам 1.200 мм”.

Міністр адзначыў, што ў выніку было парушана цеплазабеспячэнне больш як 3 тыс. дамоў. Аварыйная сітуацыя прывяла да страты каля 5 тыс. куб. м цёплай вады, у выніку чаго адзін магістральны цеплаправод быў часткова спустошаны. Праз гэта цеплазабеспячэнне для часткі спажыўцоў не ўдалося аднавіць у кароткія тэрміны.

Пра аварыю на ўчастку цеплавой магістралі № 41 паведаміла раніцай 19 студзеня “Мінскэнерга”. Адзначалася, што праз гэта “адбылося зніжэнне тэмпературы цепланосьбіта ў часткі спажыўцоў” у пяці раёнах сталіцы.

Пра паэтапнае вяртанне цяпла і гарачай вады ў дамы Фрунзенскага, Маскоўскага, Цэнтральнага, Савецкага і Кастрычніцкага раёнаў Мінска заявіла ведамства ўвечары.

Пра аварыю на цепласетках у Барысаве (Мінская вобласць) паведаміў увечары 19 студзеня тэлеграм-канал абласной дзяржаўнай газеты “Мінская праўда”.

“Жыхары раёна вул. 50 гадоў БССР паведамілі, што да вечара батарэі ў іх кватэрах астылі, “як улетку”, і многія асцерагаюцца, што праблема зацягнецца. Праца ўжо кіпіць на пашкоджаным участку, распавялі ва УП “Жыллё”. Аднаўленне запланавана да канца сённяшняга дня”, — гаварылася ў публікацыі.

14 студзеня паведамлялася, што ў Гомелі 90 прыватных дамоў засталіся без водазабеспячэння праз аварыю на мясцовым ДП “Гомельводаканал”.

У Рагачове (Гомельская вобласць) праз прарыў у сетках вада перастала паступаць у 25 дамоў.

Халоднае надвор’е з перыядычнымі снегападамі захоўваецца ў Беларусі з 8 студзеня.

Падзяліцца: