Мінск 18:56

Палітвязнямі прызнана яшчэ 14 чалавек

Фота: pixabay.com

20 студзеня, Позірк. Праваабарончая супольнасць 20 студзеня прызнала палітычнымі зняволенымі яшчэ 14 чалавек, паведамляе цэнтр “Вясна”.

Статус атрымалі асуджаныя паводле арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) Крымінальнага кодэкса Уладзімір Зінавенка (4 гады пазбаўлення волі), Дзяніс Пятроў (3 гады), Таццяна Шынкевіч (тэрмін зняволення невядомы).

Шэсць палітвязняў, акрамя арт. 130 КК, прызнаныя вінаватымі паводле іншых артыкулаў: Вольга Барунова (3 гады зняволення) — арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), Аляксей Кердаль (5 гадоў) — арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), Віталь Жалезнякоў (тэрмін зняволення невядомы) — арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта), Аляксандр Залатарэвіч (4 гады) — арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім) і арт. 368 (абраза прэзідэнта), Дзмітрый Капуза (24 гады) і Вольга Капуза (21 год) — арт. 289 (акт тэрарызму) і арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў).

Яшчэ пяць чалавек, якія атрымалі статус, з’яўляюцца абвінавачанымі па крымінальных справах: паводле арт. 130 і 3614Аляксандр Канавальчык, арт. 356 (здрада дзяржаве), 2905 (арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі) і 3613 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу) — Іван Вайноў, арт. 356 — Мікіта Красько, Вячаслаў Бянько, Андрэй Рэпецій.

Заяву, акрамя “Вясны”, падпісалі Беларускі ПЭН, Беларускі дом правоў чалавека імя Звозскава, Lawtrend, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Human Constanta, “Прававая ініцыятыва”.

Агульная колькасць палітвязняў узрасла да 1.158. Праваабаронцы працягваюць безвынікова патрабаваць неадкладна вызваліць усіх палітвязняў і спыніць рэпрэсіі.

Падзяліцца: