Мінск 14:57

Калеснікава выступае за дыялог Еўропы з рэжымам Лукашэнкі

Марыя Калеснікава
Трансляцыя прэс-канферэнцыі ва Украіне 14 снежня 2025 года / стоп-кадр: "Позірк"

19 студзеня, Позірк. За дыялог Еўропы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі выступіла ў інтэрв’ю Financial Times вызваленая ў мінулым снежні і вывезеная з Беларусі Марыя Калеснікава — член каманды прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе Віктара Бабарыкі.

На думку экс-палітзняволенай, сваёй цяперашняй пазіцыяй, якая скіраваная на ізаляцыю Мінска, Еўропа “рызыкуе падштурхнуць” Беларусь да Расіі, што робіць беларускую дзяржаву менш бяспечнай і прадказальнай. У сувязі з гэтым яна заклікала еўрапейскіх лідараў шукаць шляхі да збліжэння і ўзаемадзейнічаць з рэжымам Лукашэнкі.

Германія, паводле слоў Калеснікавай, мае “значна больш сувязей” з Беларуссю, чым у ЗША. “Як чалавек з еўрапейскім менталітэтам, я не разумею, чаму Еўропа не пачала размаўляць з Лукашэнкам раней за ЗША”, — заявіла суразмоўніца выдання, падзякаваўшы за вызваленне амерыканскаму прэзідэнту Дональду Трампу.

Медыя адзначае, што пазіцыя Калеснікавай “супярэчыць цяперашняму падыходу Еўропы, які заключаецца ў мінімізацыі кантактаў з рэжымам, падтрымцы дэмакратычных сіл у выгнанні і захаванні эканамічных санкцый, забароне на палёты і жорсткіх візавых правілах”.

Экс-палітзняволеная заявіла, што абмежаванні “сталі цяжкім ударам для моцна еўрапеізаваных беларусаў”, звярнуўшы ўвагу на тое, што некалі жыхары Беларусі былі лідарамі паводле колькасці атрыманых шэнгенскіх віз.

На думку Калеснікавай, Лукашэнка — “прагматычны чалавек, які разумее мову бізнесу”. Калі ён “гатовы да такіх гуманітарных крокаў, як вызваленне зняволеных і допуск незалежных СМІ, у абмен на змякчэнне санкцый, гэта неабходна абмяркоўваць”, лічыць яна.

“Я думаю, зразумела, што я не сыходжу з палітыкі”, — заявіла Калеснікава, адзначыўшы, што цяпер прасоўванне такога дыялогу з’яўляецца яе асноўнай мэтай. Суразмоўніца выдання ўпэўненая, што “аднойчы рэжым зменіцца, і да гэтага моманту трэба падрыхтаваць глебу, каб там не засталося выпаленай зямлі”.

На заявы Калеснікавай адрэагаваў дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька. “Маша, для таго, каб зразумець, чаму Еўропа не пачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША, трэба, па-першае, ведаць гісторыю стасункаў Бруселя і Мінска. Па-другое, разумець стаўленне еўрапейцаў да расійскай агрэсіі ва Украіне. І, па-трэцяе, ведаць прыроду і сутнасць беларускага рэжыму”, — прыводзіць яго словы “Парламенцкі канал”.

7 верасня 2020 года кіраўніца штаба Бабарыкі, а пасля яго затрымання ў чэрвені — прадстаўніца аб’яднанага штаба кандыдата ў прэзідэнты Ціханоўскай Марыя Калеснікава была схопленая ў цэнтры Мінска і на наступны дзень вывезеная на мяжу з Украінай. Калеснікава адмовілася ад прымусовай высылкі за мяжу, парваўшы свой пашпарт. Яе вярнулі ў краіну і прыгаварылі да 11 гадоў пазбаўлення волі.

Адбывала пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі № 4. Падчас зняволення перанесла складаную аперацыю. Доўгі час утрымлівалася ў інфармацыйнай блакадзе (інкамунікада).

13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Лукашэнка памілаваў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. 109 беларусаў, у тым ліку Калеснікава, і 5 украінцаў прыбылі на тэрыторыю Украіны. Пазней Калеснікава і Бабарыка пераехалі ў Германію.

Падзяліцца: