Мінск 12:32

Колькасць смерцяў на пажарах вырасла на 70,5% у гадавым вымярэнні

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

19 студзеня, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 18 студзеня да 6:00 19 студзеня) на пажарах у Беларусі загінула пяць чалавек, сведчаць аператыўныя даныя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Ранкам 18 студзеня знойдзена мёртвай гаспадыня (1957 год нараджэння) гарэлага дома ў вёсцы Лабані (Ушацкі раён Віцебскай вобласці). Ля вёскі Купелка (Аршанскі раён той жа вобласці) тым жа вечарам гарэла прыбудова да будынка сенасховішча — адзін чалавек (1988 г.н.) загінуў, другі (1986 г.н.) атрымаў апёкі і быў шпіталізаваны.

На пажарах таксама загінулі гаспадар жылога дома ў Дзятлаве (Гродзенская вобласць), сын уладальніка жылога дома ў вёсцы Новы Свет (Быхаўскі раён Магілёўскай вобласці) і бацька гаспадара кватэры ў Гомелі.

Паводле даных МНС, ад пачатку 2026 года агонь забраў жыцці 75 чалавек — на 70,5% больш, чым за той жа перыяд 2025-га (44). На пажарах траўмавана 37 чалавек (+68,2%; 22), выратавана — 33 (+73,7%; 19).

Агулам у краіне за гэты час адбылося 568 пажараў — на 82,6% больш, чым за аналагічны леташні перыяд.

Падзяліцца: