Мінск 21:03

МНС справаздачылася аб ліквідацыі пажару на складзе піратэхнікі ў Брэсце

18 студзеня, Позірк. Аб ліквідацыі пажару на складзе піратэхнікі ў Брэсце паведаміла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Пацярпелых няма, падкрэслівае ведамства.

“Устаноўлена, што будынак арандаваўся для захоўвання піратэхнічных вырабаў і аказання паслугі па рамонце аўтатранспартных сродкаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што на месцы здарэння працавала дзевяць адзінак тэхнікі МНС.

Прычына здарэння высвятляецца.

Пра пажар на складзе піратэхнікі раней паведаміў тэлеграм-канал Брэсцкага гарвыканкама.

Мясцовыя СМІ адзначалі, што пажар суправаджаўся выбухамі піратэхнікі.

За мінулыя суткі ад агню загінула восем чалавек, паведаміла раней МНС. Гэта паўтарэнне рэкордных паказчыкаў з пачатку года, раней столькі смерцяў фіксавалася 16 і 13 студзеня.

Паводле звестак МНС, з пачатку 2026 года ў Беларусі адбылося 508 пажараў (+70,5% да аналагічнага перыяду 2025-га, калі было 298), ад агню загінула 70 чалавек (+59,1%; 44), траўмавана — 33 (+50%, 22), выратавана — 33 (+73,7%; 19).

Пры гэтым ведамства працягвае карэктаваць статыстыку смяротнасці ў бок змяншэння. Апошні такі выпадак зафіксаваны 17 студзеня.

Раней МНС тлумачыла перыядычную карэкціроўку даных тым, што часам пасля правядзення судова-медыцынскай экспертызы высвятляецца — смерць наступіла не праз пажар. Наадварот, як заяўляла ведамства, узгаранне часам можа ўзнікнуць пасля смерці чалавека.

Падзяліцца: