Мінск 18:16

Ва ўборцы снегу на аўтадарогах занята больш за 400 спецыялістаў і 335 адзінак тэхнікі — Мінтранс

Фота: Мінтранс

18 студзеня, Позірк. Расчыстка ад снегу аўтадарог агульнага карыстання і чыгуначных шляхоў “забяспечана ў поўным аб’ёме ва ўсіх рэгіёнах краіны”, паведамляе Міністэрства транспарту і камунікацый.

18 студзеня ва ўборцы снегу на аўтадарогах задзейнічана 335 адзінак спецтэхнікі і больш за 400 работнікаў дарожных арганізацый, адзначае ведамства.

Удакладняецца, што на рэспубліканскіх дарогах працуюць 173 адзінкі спецтэхнікі і 192 чалавекі, на мясцовых дарогах — 162 адзінкі спецтэхнікі і 235 чалавек.

“Паводле аператыўнай інфармацыі, ачышчана 100% рэспубліканскіх і мясцовых аўтамабільных дарог (15.935 км і 70.598 км адпаведна). Дарожнымі службамі праводзіцца таксама ачыстка абочын, аўтобусных прыпынкаў і пляцовак адпачынку ўздоўж трас”, — гаворыцца ў паведамленні.

Заяўляецца, што з 8 студзеня 2026 года “ва ўсіх абласцях рэспублікі для апрацоўкі праезнай часткі аўтадарог агульнага карыстання выдаткавана звыш 128 тыс. тон процігалалёдных матэрыялаў”.

“На сённяшні дзень цалкам расчышчаныя аб’екты чыгуначнай інфраструктуры — гэта 5.565 км чыгуначных шляхоў, 73 пасажырскія платформы вакзалаў і 1.433 платформы станцый і прыпыначных пунктаў”, — справаздачыліся ў Мінтрансе.

Халоднае надвор’е з перыядычнымі снегападамі захоўваецца ў Беларусі з 8 студзеня.

У ноч на 19 студзеня Белгідрамет прагназуе да 28 градусаў марозу, у наступныя дзве ночы — да 25.

Падзяліцца: