Мінск 17:09

Мінздароўя заклікала да асцярожнасці пры купанні ў палонцы на Вадохрышча

18 студзеня, Позірк. Больш за 875 брыгад хуткай медыцынскай дапамогі “будуць працаваць у гэтыя суткі ва ўсіх рэгіёнах краіны побач з усімі афіцыйна арганізаванымі месцамі для купання”, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сувязі з адзначаемым 19 студзеня святам Вадохрышча і звязанай з ім традыцыяй акунання ў палонцы.

Заяўляецца, што пры неабходнасці медработнікі “акажуць кваліфікаваную дапамогу на месцы або шпіталізуюць у медустанову”.

“Не займаючыся пастаянна гартаваннем — будзьце асцярожныя!” — заклікала ведамства.

У паведамленні падкрэсліваецца, што купанне ў палонцы проціпаказана людзям з захворваннямі сардэчна-сасудзістай, цэнтральнай і перыферычнай нервовай сістэм, страўнікава-кішачнага тракта, мачапалавой сістэмы, з запаленчымі захворваннямі насаглоткі і эндакрыннымі захворваннямі.

“Катэгарычна не рэкамендуецца купацца ў палонцы дзецям, цяжарным жанчынам і пажылым людзям!” — адзначылі ў Мінздароўя.

У ноч на 19 студзеня Белгідрамет прагназуе да 28 градусаў марозу, у наступныя дзве ночы — да 25.

Халоднае надвор’е з перыядычнымі снегападамі захоўваецца ў Беларусі з 8 студзеня.

Падзяліцца: