Мінск 20:23

Ціханоўская пераедзе з Літвы ў Польшчу — інфармацыя AFP

Архіўнае фота: "Позірк"

17 студзеня, Позірк. Пра тое, што беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская разам са сваёй камандай пераедзе з Літвы ў Польшчу, 17 студзеня паведаміла агенцтва AFP.

У матэрыяле, які перадрукаваў партал LRT, гаворыцца, што гэтую інфармацыю агенцтву пацвердзілі “чатыры чалавекі з атачэння” палітыка, а таксама польскае Міністэрства замежных спраў.

Раней Ціханоўская перадала журналістам, што яе дзеці разам з іх бацькам Сяргеем Ціханоўскім часова знаходзяцца ў ЗША, а яе каманда “вырашае пытанні з бяспекай і арганізацыяй офіса”.

Офіс палітыка пакуль не каментаваў інфармацыю пра пераезд у Польшчу.

7 кастрычніка стала вядома, што Літва знізіла ўзровень фізічнай аховы Ціханоўскай. Афіцыйная прычына — рэвізія ступені пагроз. Шэраг літоўскіх палітыкаў раскрытыкаваў гэтае рашэнне; прэзідэнт Гітанас Наўседа заявіў, што сітуацыя з аховай Ціханоўскай драматызуецца.

Дэкадай пазней, 17 кастрычніка, з’явілася інфармацыя, што літоўскія ўлады часова вярнулі Ціханаўскую ахову — да тае пары, пакуль не будзе сфармаваная новая сістэма бяспекі.

19 снежня стала вядома, што ахову Ціханоўскай у Літве будзе забяспечваць мясцовая паліцыя. Дарадца літоўскага прэм’ер-міністра Альгірдас Дабравольскас у той жа дзень заявіў, што ахова беларускага палітыка “адпавядае ўзроўню пагрозы”.

Падзяліцца: