Мінск 18:53

Афіцыйны Мінск зноў салідарызаваўся з Венесуэлай, асудзіўшы “беспрэцэдэнтную знешнюю агрэсію”

Амбасадар Беларусі Дзмітрый Дзеравінскі і кіраўнік МЗС Венесуэлы Іван Эдуарда Хіль Пінта (справа налева)
Фота: прэс-служба МЗС

17 студзеня, Позірк. “Поўную падтрымку і салідарнасць” Беларусі з народам і ўрадам Венесуэлы “ў пытаннях абароны нацыянальных інтарэсаў і дзяржаўнага суверэнітэту” выказаў 16 студзеня амбасадар Дзмітрый Дзеравінскі на сустрэчы з міністрам замежных спраў гэтай краіны ў Паўднёвай Амерыцы Іванам Эдуардам Хілем Пінта.

Паводле інфармацыі Міністэрства замежных спраў, дыпламат “рашуча асудзіў беспрэцэдэнтную знешнюю агрэсію ў дачыненні да мірнай дзяржавы”, а таксама выказаў глыбокія спачуванні “ў сувязі з гібеллю вялікай колькасці людзей у выніку начнога нападу, здзейсненага 3 студзеня 2026 года супраць Венесуэлы”.

“Міністр замежных спраў Венесуэлы ад імя баліварыянскага ўрада выказаў словы шчырай удзячнасці прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за цвёрдую пазіцыю ў абароне суверэнітэту Венесуэлы і за прынцыповую паслядоўнасць у развіцці дружалюбнага беларуска-венесуэльскага дыялогу”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што бакі “пацвердзілі гатоўнасць да далейшага ўмацавання плённай супрацы паміж дзвюма краінамі ў розных сферах”.

У ноч на 3 студзеня Злучаныя Штаты Амерыкі на распараджэнне прэзідэнта Дональда Трампа нанеслі ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Венесуэлы. У рамках аперацыі былі выкрадзеныя і перапраўленыя ў ЗША прэзідэнт краіны Нікалас Мадура і яго жонка Сілія Флорэс.

Падчас аперацый загінула сама меней 32 чалавекі — вайскоўцы і супрацоўнікі службаў бяспекі Кубы з аховы Мадуры. Дакладная колькасць ахвяр з венесуэльскага боку не прыводзілася, аднак жалоба была абвешчаная ў абедзвюх краінах.

У той жа дзень міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў і яго расійскі калега Сяргей Лаўроў правялі, паводле інфармацыі МЗС РФ, “абмен меркаваннямі пра сітуацыю вакол Венесуэлы”.

“Падкрэслена, што Масква і Мінск едныя ў рашучым асуджэнні агрэсіі, здзейсненай ЗША супраць суверэннай дзяржавы з парушэннем міжнародна-прававых нормаў. Акцэнтаваная безумоўная неабходнасць неадкладна вызваліць законнага прэзідэнта Венесуэлы Н. Мадуру і яго жонку, вярнуць іх у сталіцу краіны [з ЗША] і аднавіць Н. Мадуру на пасадзе кіраўніка дзяржавы”, — гаварылася ў паведамленні расійскага знешнепалітычнага ведамства.

Аляксандр Лукашэнка 8 студзеня на цырымоніі ўручэння прэмій “За духоўнае адраджэнне” заявіў, што ў аперацыі па захопе Мадуры “была змова і здрада”. Сам захоп Мадуры ён назваў “мярзотным мерапрыемствам”, а магчымасць паўтарэння падобнага сцэнарыю ў Беларусі “нерэальнай”.

12 студзеня намеснік міністра замежных спраў Яўген Шастакоў наведаў амбасаду Венесуэлы і “пакінуў запіс у кнізе спачуванняў у сувязі са шматлікімі ахвярамі ў выніку атакі, здзейсненай 3 студзеня”. Чыноўнік “падкрэсліў, што Рэспубліка Беларусь была і застаецца верным партнёрам Венесуэлы” і “абазначыў, што любыя супярэчнасці павінны вырашацца ў рамках міжнароднага права і выключна мірным шляхам”.

Падзяліцца: