Мінск 00:59

Польшча ніколі не пакіне вас на шляху да незалежнасці і суверэнітэту — Наўроцкі на сустрэчы з беларусамі ў Варшаве

Фота: “Позірк”

13 студзеня, Позірк. Пра “вялікую надзею на суверэнную і незалежную Беларусь” заявіў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі 13 студзеня ў Варшаве на штогадовай навагодне-каляднай сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.

У сваім выступе, стоячы побач з дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай, ён назваў беларусаў “сябрамі”, вітаўшы іх барацьбу за суверэнітэт і незалежнасць сваёй краіны.

Гэтая барацьба цяжкая, часам яна прыводзіць да пазбаўлення волі ў турмах рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, канстатаваў польскі прэзідэнт. Польшча, паводле яго слоў, ніколі не пакіне беларусаў на шляху да незалежнасці і суверэнітэту.

Наўроцкі вітаў прысутных на сустрэчы былых палітвязняў, падкрэсліўшы, што пытанне вызвалення вязняў з беларускіх месцаў зняволення ён падымае на міжнародным і дыпламатычным узроўнях.

Сімвалам барацьбы за свабоду ён назваў палітвязня Андрэя Пачобута, успомніўшы аб яго завочным узнагароджанні у лістападзе 2025 года ордэнам Белага Арла — вышэйшай дзяржузнагародай Польшчы.

Варшава, паводле яго слоў, і надалей будзе змагацца за вызваленне палітвязняў.

Наўроцкі падкрэсліў, што ў польскіх палітычных колах існуе кансенсус ў дачыненні да бачання будучыні Беларусі, і выказаў упэўненасць, што ў гэтай будучыні паміж дзяржавамі будуць дружалюбныя адносіны.

Традыцыю штогадовых сустрэч з прадстаўнікамі беларускай меншасці кіраўнік польскай дзяржавы назваў “выдатнай”. “Гэта важна для нашай будучыні”, — сказаў Наўроцкі.

Таксама ў сваёй прамове ён нагадаў пра супольныя старонкі гісторыі Польшчы і Беларусі, асабліва адзначыўшы паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

Прыём праходзіў у Бельведэрскім палацы, дзе размешчана рэзідэнцыя прэзідэнта Польшчы.

Сустрэчы прэзідэнта Польшчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары праводзяцца ў студзені з 2022 года. Іх ініцыяваў папярэдні кіраўнік польскай дзяржавы Анджэй Дуда. Для Наўроцкага, які выйграў прэзідэнцкія выбары ў 2025 годзе, гэта першая сустрэча з беларусамі ў падобным фармаце.

Падзяліцца: