Мінск 23:22

25 дамоў у Рагачове засталося без водазабеспячэння ў 13-градусны мароз

Фота: slova.by

11 студзеня, Позірк. У Рагачове (Гомельская вобласць) працягваюцца работы па “ліквідацыі прарыва” ў сетках водазабеспячэння ў раёне станцыі пералівання крыві, паведамляе раённае выданне “Свабоднае слова”.

“Спецыялісты філіяла “Жлобінводаканал” працуюць без прыпынкаў, на дапамогу прыбыла брыгада са Жлобіна, аднак аднаўленне падачы вады патрабуе дадатковага часу”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што працы “вядуцца ў планавым рэжыме і накіраваныя на забеспячэнне надзейнага і стабільнага водазабеспячэння”.

“У сувязі з гэтым падача халоднага і гарачага водазабеспячэння часова застаецца прыпыненай па адрасах: вул. Уладзіміра Леніна, дамы № 55, 57, 61, 63, 64, 67, 68, 70, 72, 74, 76, 78, 79, 87, 105, 107, 108, 109, 113, 117, 119, 121, Кастрычніцкая, дамы 18а, 20а, 23”, — паведамляе выданне.

Такім чынам, без водазабеспячэння засталося 25 дамоў.

Падкрэсліваецца, што спецыялісты “робяць усё магчымае, каб завяршыць работы ў максімальна сціслыя тэрміны, пры гэтым умовы надвор’я могуць паўплываць на тэмпы рамонту”.

“Аб аднаўленні падачы вады будзе паведамлена дадаткова. Пастаўцеся, калі ласка, з разуменнем і цярпеннем да часовых нязручнасцяў”, — адзначае медыя.

Адметна, што публікацыя застаецца актуальнай на сайце выдання, пры гэтым у яго тэлеграм-канале паведамляецца са спасылкай на “Жлобінводаканал“, што “рамонтныя работы на сетках водазабеспячэння завершаны, падача халоднага водазабеспячэння адноўленая“.

Паводле звестак Белгідрамета, 11 студзеня ў Рагачове фіксуецца тэмпература -13 градусаў. Да ночы пахаладае да -16.

Падзяліцца: