Мінск 02:16

Амбасада ФРГ: У нямецкіх грамадзян абавязкаў у снежнае надвор’е значна больш, чым у беларускіх

Ілюстрацыя: амбасада Германіі ў Беларусі

9 студзеня, Позірк. З нагоды экстрэмальных снегападаў амбасада Германіі ў Мінску выпусціла прэс-рэліз, у якім распавядае пра абавязкі грамадзян ФРГ у зімовы перыяд.

“З гэтай зімы ў абавязкі кожнага аўтамабіліста ў Беларусі ўваходзіць ачыстка паркавальнага месца вакол машыны ад снегу на адлегласці не менш за 1 метр. Калі гэта не выклікае ў вас вялікага захаплення, азнаёмцеся з абавязкамі нямецкіх грамадзян, якім зімой даводзіцца працаваць значна больш“, — прапануе дыпмісія.

Для прадухілення няшчасных выпадкаў зімовая служба (Winterdienst) у Германіі з’яўляецца абавязковай. Уладальнікі зямельных участкаў і гарадскія ўлады павінны клапаціцца, каб дарожкі і вуліцы былі бяспечнымі для перамяшчэння. “Зімовая служба ўключае ў сябе дзве асноўныя меры: уборку снегу і пасыпку дарог процігалалёднымі сродкамі. Зімовая служба часта з’яўляецца часткай дамовы арэнды“, — адзначае амбасада.

У выпадку невыканання правілаў грамадзян “нават могуць прыцягнуць да адказнасці”.

Выконваць зімовую службу неабходна ў буднія дні і суботу з 7 да 20 гадзін, у нядзелю і святочныя дні — з 9 да 20 гадзін. Калі снег выпаў ноччу, спецыяльна ўставаць для ўборкі не абавязкова.

“Зімовую службу неабходна выконваць нават падчас хваробы, адпачынку або пры інваліднасці. Калі вы не можаце выканаць яе самастойна, вы павінны арганізаваць замену — у ідэале сябра, суседа або члена сям’і (ці вонкавага падрадчыка)“, — звяртае ўвагу амбасада.

“Такім чынам адначасова вырашаецца і праблема недахопу руху зімой!“ — іранізуе дыпмісія.

Пешаходы таксама нясуць адказнасць за сваю бяспеку. “Калі вы паслізнуліся і пры гэтым на вас відавочна непадыходзячы абутак, вы будзеце несці частковую віну за няшчасны выпадак“, — апісвае амбасада асаблівасці нямецкага заканадаўства.

Згодна з пастановай Савета міністраў Беларусі ад 16 траўня 2025 года, аўтаўладальнікі абавязаны забяспечваць уборку снегу на адлегласці не менш за 1 метр ад свайго транспарту. Патрабаванне распаўсюджваецца на ўсіх уладальнікаў аўтамабіляў — фізічных і юрыдычных асоб, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў. Уборка снегу абавязковая на прыдамавых тэрыторыях і праездах.

За невыкананне патрабавання прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па арт. 22.10 КаАП (парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў): для фізічных асоб штраф можа дасягаць 25 базавых велічынь (у 2026 годзе гэта 1.125 рублёў), для ІП — ад 10 да 50 базавых велічынь (ад 450 да 2.250 рублёў), юрыдычных асоб — ад 20 да 100 (ад 900 да 4.500 рублёў).

Падзяліцца: