Мінск 02:05

За суткі на пажарах загінула пяць чалавек, у тым ліку сямейная пара ў Гомелі

Пажар у Брэсце
Калаж: brestcity.com

9 студзеня, Позірк. Пяць чалавек загінула на пажарах у Беларусі за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6.00 8 студзеня да 6.00 9-га), вынікае з аператыўнай зводкі МНС.

8 студзеня раніцай пры пажары ў жылым доме ў вёсцы Чырвоны Двор Віцебскага раёна загінула жанчына 1954 года нараджэння.

Каля пяці гадзін вечара паступіла паведамленне аб узгаранні жылога дома ў вёсцы Батораўка Гродзенскага раёна, яго ахвярай стала жанчына 1936 г.н.

У Гомелі ўвечары 8 студзеня загарэлася кватэра аднапавярховага двухкватэрнага дома, загінулі муж і жонка (абодва 1979 г.н.).

Каля паўночы МНС стала вядома пра пажар у кватэры на шаснаццатым паверсе дваццаціпавярховага дома ў Брэсце па вуліцы Маскоўскай. Знойдзена цела гаспадара 1959 г.н. Работнікамі ведамства выратаваны грамадзянін 1963 г.н., які знаходзіўся ў гасцях. З суседніх і размешчаных вышэй кватэр эвакуіравана 17 чалавек, з іх адно дзіця.

За суткі агнём траўмаваныя два чалавекі. Эвакуіраваны 51, выратаваныя тры.

Таксама за суткі адбылося 26 надзвычайных сітуацый тэхнагеннага характару. Знішчаныя два будынкі, адна адзінка тэхнікі. Пашкоджана 16 будынкаў, дзве адзінкі тэхнікі.

З пачатку года ў Беларусі, паводле даных МНС, адбылося 189 пажараў (годам раней — 175, павелічэнне на 8%), іх ахвярамі сталі 28 чалавек (30; -6,67% ), траўмаваныя 15 (17; -11,76%), выратаваныя 17 (15; +13,3%).

Падзяліцца: