Мінск 15:43

Унутраныя войскі правяраюць на гатоўнасць процідзейнічаць ДРГ

Іван Кубракоў

Іван Кубракоў

8 студзеня, Позірк. Праверка ўнутраных войскаў (УВ) і “некаторых падраздзяленняў органаў унутраных спраў” па гатоўнасці дзеянняў у “асаблівых умовах” пачалася ў Беларусі 8 студзеня, вынікае з паведамлення прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі.

Адзначаецца, што пра гэта яму далажыў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.

Усе падраздзяленні ўнутраных войскаў паднятыя па трывозе, паведаміў міністр у відэакаментарыі, размешчаным у неафіцыйным тэлеграм-канале прэс-службы Лукашэнкі.

Мерапрыемствы, паводле сцвярджэння Кубракова, носяць планавы характар: правяраецца працаздольнасць тэхнікі, зладжанасць дзеянняў асабістага складу, а таксама гатоўнасць УВ да процідзеяння дыверсійна-разведвальным групам (ДРГ).

Аператыўная абстаноўка ў краіне спакойная і знаходзіцца пад кантролем, сказаў міністр.

Прэс-служба Лукашэнкі не апублікавала відэакадры і фатаграфіі з сустрэчы, што ўжо стала традыцыйным для часткі заяўленых мерапрыемстваў з яго ўдзелам. Мяркуючы па фота дзяржСМІ і відэазапісу прэс-службы Лукашэнкі, меркаваны даклад Кубракоў каментаваў у будынку МУС на фоне банэра ведамства.

Унутраныя войскі былі актыўна задзейнічаныя ў падаўленні масавых пратэстаў у 2020 годзе, яны таксама прыцягваліся да разгонаў вулічных акцый у ранейшыя гады.

З канца 2022 года ў складзе УВ актыўна ствараюцца новыя спецпадраздзяленні, у першую чаргу з ліку кантрактнікаў, якія раней адслужылі ва ўнутраных войсках. Вядома не менш чым пра 12 такіх падраздзяленняў.

Рэжым Лукашэнкі практычна безупынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам (акрамя ЗША пасля прыходу да ўлады прэзідэнта Дональда Трампа) і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

Падзяліцца: