Мінск 02:15

Ціханоўская на Раство зычыла беларусам міру і надзеі, Лукашэнка — рэалізацыі планаў і бескарыслівых памкненняў

Калядная зорка ва ўбранні Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску
Архіўнае відэа: трансляцыя святочнага набажэнства / стоп-кадр: "Позірк"

7 студзеня, Позірк. З зычэннем таго, каб час Божага Нараджэння прынёс у дом мір і напоўніў сэрца надзеяй і святлом, звярнулася да беларусаў 7 студзеня дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Віншую з Раством кожнага, хто святкуе сёння гэты асаблівы дзень, — сказала яна ў відэазвароце. — Гэта час святкавання дабрыні, любві і веры. Час, калі мы можам падумаць пра сваё жыццё і адчуць удзячнасць за ўсё, што маем. Я спадзяюся, што ў гэты цудоўны дзень кожны з вас мае побач блізкіх, з якімі можна падзяліцца цеплынёй свята”.

“А калі сёння вы без родных побач, хай знойдзецца тое, што падорыць вам крыху каляднага настрою і душэўнага спакою”, — адзначыла Ціханоўская.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка зычыў, каб “шчасце і дабрабыт ішлі разам” з суайчыннікамі, а “непаўторная атмасфера гэтага дня” дапамагала ў “рэалізацыі намечанных планаў і бескарыслівых памкненняў”.

Паводле слоў палітыка, Раство займае “асаблівае месца ў беларусаў, увасабляючы ўрачыстасць любові, дабра і міласэрнасці”.

“Традыцыі Раства, якія нясуць маральныя ідэалы, складаюць неад’емную частку нашай найбагацейшай культурнай і духоўнай спадчыны, умацоўваюць сувязь пакаленняў, дапамагаюць будаваць будучыню Беларусі на прынцыпах міру і згоды”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Раство паводле юліянскага календару, якое прыпадае на 7 студзеня, святкуюць у Рускай праваслаўнай царкве (РПЦ), да якой адносіцца Беларускі экзархат, а таксама ў Іерусалімскай, Грузінскай, Сербскай, Польскай цэрквах.

Праваслаўе ў Беларусі лічыцца дамінуючай хрысціянскай канфесіяй. Руская праваслаўная царква лічыць беларускую зямлю сваёй кананічнай тэрыторыяй.

Падзяліцца: