Да 2030 года ўлады маюць намер працаваць над абнаўленнем парка паветраных суднаў

7 студзеня, Позірк. Працягнуць “развіццё авіятранспартнага комплексу, фармаванне эфектыўнай інфраструктуры паветранага транспарту для задавальнення патрэбы эканомікі і насельніцтва ў авіяцыйных паслугах” — такая мэта закладзеная ў падпраграме “Паветраны транспарт” у рамках дзяржаўнай праграмы “Транспарт Беларусі” на 2026–2030 гады.
Тэкст дакумента ўтрымліваецца ў апублікаванай 7 студзеня 2026 года на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале пастанове Савета міністраў № 778 ад 29 снежня 2025-га, якая зацвярджае дзяржпраграму.
Згодна з падпраграмай, прыярытэтнымі напрамкамі развіцця грамадзянскай авіяцыі на наступныя пяць гадоў стануць “абнаўленне (павелічэнне) парку пасажырскіх і грузавых паветраных суднаў”, “пашырэнне маршрутнай сеткі паветранага транспарту”, “мадэрнізацыя і падтрыманне лётнай прыдатнасці парку паветраных суднаў”, “забеспячэнне загрузкі аэрапортавых комплексаў”, “будаўніцтва і рэканструкцыя транспарту”, “тэхнічнае пераабсталяванне і абнаўленне сродкаў аэранавігацыйнага забеспячэння”, “пашырэнне авіярамонтнай вытворчасці” ды інш.
Чакаецца, што ў 2030 годзе каэфіцыент авіяцыйнай рухомасці (суадносіны гадавога ліку авіяпасажыраў да колькасці насельніцтва) вырасце ў 1,1 раза ў параўнанні з 2025 годам; аб’ём пасажыраў, якія атрымалі паслугі ў аэрапортах — на 16%.
У падпраграме канстатавана, што ў 2021–2025 гадах грамадзянская авіяцыя Беларусі працавала “ва ўмовах уведзеных абмежаванняў і персанальных санкцый у дачыненні да авіяцыйных арганізацый”.
“Праца падгаліны сканцэнтраваная на забеспячэнні загрузкі і стабілізацыі дзейнасці авіяцыйных прадпрыемстваў, — гаворыцца ў дакуменце. — Для нівелявання негатыўных наступстваў рэалізаваныя антыкрызісныя планы мер і мерапрыемствы па іх фінансава-эканамічным аздараўленні”.
Адзначаецца, што ў Беларусі зарэгістравана сем авіякампаній, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі, з якіх пяць — грузавыя.
“Ад моманту ўводу санкцыйных абмежаванняў і вымушанага вяртання лізінгавых паветраных суднаў флот [нацыянальнай авіякампаніі] “Белавія” скараціўся больш як у два разы. Зніжэнне колькасці паветраных суднаў, закрыццё паветранай прасторы Еўрапейскага саюза і шэрага іншых дзяржаў істотна абмежавалі магчымасці “Белавія” па выкананні палётаў”, — заяўлена ў падпраграме.
З дакумента вынікае, што цяпер “Белавія” выконвае рэгулярныя рэйсы з Мінска, Гомеля, Брэста і Магілёва ў 22 аэрапорты адзінаццаці дзяржаў, чартарныя праграмы палётаў у Егіпет, В’етнам, Турцыю. Акрамя таго, “адкрытыя новыя турыстычныя напрамкі ў Катар, Аман (Салала) і ААЭ (Рас-эль-Хайм, Шарджа)”.
“За 2021–2024 гады пасажыраабарот паветранага транспарту паказаў рост да ўзроўню 2020 года”, — адзначана ў падпраграме.
Згодна з дакументам, для нарошчвання грузаабароту паветранага транспарту “праводзіцца праца па ўцягванні ў гаспадарчы абарот паветраных суднаў Іл-76ТД, што не выкарыстоўваліся”. Адзначаецца, што авіякампанія “Трансавіяэкспарт” прывяла ў прыдатнасць для камерцыйных палётаў два такія самалёты.
Асноўнымі напрамкамі паветраных грузаперавозак з’яўляюцца “рэгіёны краін ЕАЭС, Афрыкі, Азіі, Блізкага Усходу, павялічаны аб’ёмы грузавых авіяперавозак у кірунку Паўднёвай Амерыкі”.
У Беларусі існуе 11 сертыфікаваных аэрадромаў, у тым ліку міжнародных зносін — 7. У той жа час на нацыянальны аэрапорт Мінск прыпадае больш за 95% аб’ёму пасажырскіх авіяперавозак.
“Рэйсы на рэгулярнай аснове з (у) нацыянальнага аэрапорта Мінск выконваюцца 10 авіяперавозчыкамі. Працягваецца актыўная праца па загрузцы вытворчых магутнасцей абласных аэрапортавых комплексаў: арганізаванае выкананне рэгулярных рэйсаў “Белавія” з аэрапортаў Брэст і Гомель у гарады Маскву і Санкт-Пецярбург, з г. Магілёва ў г. Маскву, чартарных рэйсаў з гарадоў Брэста, Віцебска, Гомеля, Магілёва ў Турцыю, з гарадоў Віцебска і Гомеля ў Егіпет. Аб’ём абслужаных пасажыраў у аэрапортах вырас больш як у 1,4 раза да ўзроўню 2020 года”, — гаворыцца ў дакуменце.
23 траўня 2021 года ў выніку дзеянняў беларускіх уладаў у мінскім аэрапорце здзейсніў вымушаную пасадку самалёт ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс. На борце былі на той момант апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч і яго сяброўка, расіянка Сафія Сапега. Яны былі затрыманыя, асуджаныя, але пасля памілаваныя.
Інцыдэнт з прымусовай пасадкай самалёта ў траўні 2021 года прывёў да міжнароднага скандалу, у выніку якога над Беларуссю перасталі ажыццяўляць палёты многія еўрапейскія авіякампаніі, а для беларускіх самалётаў усе сумежныя краіны, акрамя Расіі, закрылі неба.
11 верасня 2025 года Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі (OFAC) Міністэрства фінансаў ЗША апублікавала генеральную ліцэнзію, якая дазваляе частку аперацый з “Белавія”. На гэтым фоне рэжым Аляксандра Лукашэнкі вызваліў і выслаў з краіны паўсотні палітвязняў.
4 лістапада OFAC апублікавала паведамленне пра выдачу “Белавія” ліцэнзіі № 12, згодна з якой з-пад санкцый быў выведзены шэраг паветраных суднаў, у тым ліку тых, якія могуць мець дачыненне да Лукашэнкі.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 8 студзеня — 18 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа год колькасць беларусаў з дазволам на пражыванне ў Літве скарацілася на 7,2 тыс. (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка



