Мінск 23:57

План “Надвор’е” праз снегапады ўведзены ў Гомельскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях

6 студзеня, Позірк. План “Надвор’е” праз снегапады ўведзены ў Гомельскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях, паведамляе Міністэрства транспарту і камунікацый.

Адзначаецца, што больш за 1,5 тыс. адзінак спецтэхнікі гатова да працы па расчыстцы рэспубліканскіх аўтамабільных дарог ад снегу, ужо працуюць каля 200 пяскова- і солеразмеркавальнікаў, трактароў, аўтагрэйдараў, ротараў, пагрузчыкаў.

Паводле даных дзяжурна-дыспетчарскай службы прадпрыемства “Мінскаўтадар-Цэнтр”, у распараджэнні арганізацый дарожнай гаспадаркі маюцца 133,3 тыс. тоны пясчана-салянай сумесі і парадку 105 тыс. тон чыстай солі. Да выхаду на лініі гатовыя 1.517 адзінак спецтэхнікі.

З пачатку зімы для расчысткі рэспубліканскіх трас ад снегу і наледзі выдаткавана 117,4 тыс. тон пясчана-салянай сумесі і 172,4 тыс. тон чыстай солі.

Арганізавана кругласутачнае дзяжурства для збору аператыўнай інфармацыі, своечасовага рэагавання на дарожную абстаноўку.

У любым рэгіёне краіны па адзіным нумары 125 дыспетчарскіх службаў можна паведаміць важную інфармацыю па дарожных умовах.

Паводле даных Белгідрамета, 6 студзеня тэмпература паветра складае -1.. -7°С. На большай частцы тэрыторыі Беларусі снег, па паўднёвым усходзе ў многіх раёнах моцны снег. Месцамі слабыя туман і галалёд.

7 студзеня на асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца.

Падзяліцца: