Мінск 08:21

У навагодні тыдзень колькасць еўрапейцаў, якія наведалі Беларусь на падставе бязвізу, знізілася амаль удвая

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржпагранкамітэт

5 студзеня, Позірк. З 29 снежня па 5 студзеня ў бязвізавым парадку ў Беларусь заехала 3.097 грамадзян еўрапейскіх дзяржаў (тыднем раней — 6.051, амаль удвая больш), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За апошні тыдзень у Беларусь прыбыў 991 грамадзянін Літвы (1.523 тыднем раней), 934 грамадзяніны і неграмадзяніны Латвіі (2.127), 551 грамадзянін Польшчы (802), 621 грамадзянін іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу (1.599).

Агулам з 15 красавіка 2022 года Беларусь наведала 1.259.424 жыхары Еўропы. З Латвіі прыбыло 405.229 замежнікаў, Літвы — 663.005, Польшчы — 132.840. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў з 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь заехала 58.350 чалавек.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

9 снежня Аляксандр Лукашэнка падоўжыў бязвізавы ўезд для грамадзян 38 еўрапейскіх краін да 31 снежня 2026 года ўключна.

Пашыраны бязвіз тычыцца жыхароў Андоры, Аўстрыі, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Люксембурга, Ліхтэнштэйна, Мальты, Манака, Нарвегіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Паўночнай Македоніі, Румыніі, Сан-Марына, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Падзяліцца: