Мінск 04:13

У грамадзянкі Украіны канфіскаваны БПЛА пры спробе яго ўвозу ў Беларусь

3 студзеня, Позірк. У 2025 годзе супрацоўнікі брэсцкай мытні выявілі больш за 30 фактаў незаконнага перамяшчэння праз беларуска-польскую мяжу фізічнымі асобамі грамадзянскіх беспілотных лятальных аппартаў і авіямадэляў, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

“Ва ўсіх выпадках да такіх грамадзян ужытыя меры адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу з канфіскацыяй тавараў, якія незаконна перамяшчаліся”, — адзначае ведамства.

ДМК звяртае ўвагу на “апошнія выяўленыя выпадкі” ў пункце пропуску Брэст (з польскага боку Цярэспаль): “Грамадзянка Украіны спрабавала завезці квадракоптар, абсталяваны камерай для ажыццяўлення відэаздымкі, а беларус перамяшчаў радыёкіраваныя авіямадэлі ў выглядзе дзіцячых цацак”.

Раней паведамлялася, што мінскай рэгіянальнай мытняй у 2025 годзе выяўлена 500 спробаў увозу ў міжнародных паштовых адпраўленнях грамадзянскіх БПЛА, запасных частак да іх і авіямадэляў.

ДМК падкрэсліваў, што ўсе міжнародныя паштовыя адпраўленні і тавары, якія ідуць на адрас фізічных асоб, што ўвозяцца ў Беларусь з дзяржаў ЕАЭС, да іх дастаўкі або ўручэння “павінны прайсці кантроль на прадмет выяўлення ўкладанняў, якія маюць прыкметы ўтрымання грамадзянскіх беспілотнікаў і авіямадэляў, іншых тавараў, у тым ліку рэчываў і матэрыялаў, за незаконнае перамяшчэнне якіх праз дзяржаўную мяжу <…> прадугледжаная крымінальная адказнасць”.

28 кастрычніка начальнік упраўлення прававой, кадравай работы і дакументацыйнага забеспячэння Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Вольга Калошыч паведаміла, што на дзяржаўным уліку ў Беларусі знаходзіцца 1.588 грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў.

25 верасня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў”, які ўводзіць забарону для фізічных асоб на ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыю і выраб грамадзянскіх БПЛА на тэрыторыі краіны.

Дакумент прадугледжвае, што ўвоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб БПЛА дазволены толькі арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам “у мэтах іх прадпрымальніцкай і прафесійнай дзейнасці з захаваннем патрабаванняў, устаноўленых гэтым указам”.

1 красавіка 2024 года ён уступіў у сілу.

Закон №1013 “Аб змяненні законаў па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці”, які быў падпісаны 20 кастрычніка Лукашэнкам і ўступіў у сілу праз 10 дзён пасля апублікавання, устанавіў адміністрацыйную адказнасць за незаконныя ўвоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыю або выраб грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў.

Таксама ўведзена крымінальная адказнасць за аналагічныя дзеянні, учыненыя паўторна пасля накладання адміністрацыйнага спагнання.

Заканадаўчы акт афіцыйна накіраваны на “ўзмацненне аховы паветранай прасторы Беларусі”.

Падзяліцца: