Мінск 20:51

З пачатку года ад агню загінулі дзевяць чалавек

Фота: pixabay.com

3 студзеня, Позірк. Дзевяць чалавек сталі ахвярамі пажараў з пачатку 2026 года — на 25% менш, чым за аналагічны перыяд 2025-га (12), вынікае з аператыўнай інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6.00 2 студзеня па 6.00 3 студзеня) ад агню загінулі чатыры чалавекі, паведамляецца ў зводцы МНС.

Мужчына 1972 года нараджэння загінуў у выніку ўзгарання ў аднапавярховым двухкватэрным нежылым доме ў аграгарадку Агарэвічы Ганцавіцкага раёна (Брэсцкая облсть). Адзначаецца, што ён нідзе не працаваў і “самавольна пракраўся ў дом”.

У вёсцы Курганы Кіраўскага раёна (Магілёўская вобласць) на пажары загінуў мужчына 1969 г.н., які “жыў у доме з дазволу брата гаспадыні”.

Гаспадар дома 1944 г.н. і яго сын 1971 г.н. памерлі ад агню ў вёсцы Асмолава Навагрудскага раёна (Гродзенская вобласць).

У папярэднія дзяжурныя суткі зафіксавана гібель на пажарах чатырох чалавек, яшчэ суткамі раней — аднаго.

З пачатку года ў Беларусі адбылося 55 пажараў — на 12% менш, чым за той жа перыяд 2025-га (63).

Паводле афіцыйнай інфармацыі МНС, у 2025 годзе ад агню загінулі 533 чалавекі, у 2024-м — 555 (памяншэнне на 4%).

Падзяліцца: