Мінск 21:25

МЗС пакуль не ведае, ці маюцца беларусы сярод пацярпелых на швейцарскім курорце Кран-Мантана

МЗС Беларусі
Фота на старонцы знешнепалітычнага ведамства ў "Фэйсбуку"

1 снежня, Позірк. “Глыбокі смутак” у сувязі з пажарам на гарналыжным курорце Кран-Мантана ў Швейцарыі, які прывёў да шматлікіх ахвяр, выказала Міністэрства замежных спраў Беларусі.

“Інфармацыі пра тое, што сярод пацярпелых маюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, на гэты момант не паступала, — гаворыцца ў паведамленні знешнепалітычнага ведамства. — Амбасада Беларусі ў Швейцарыі знаходзіцца ў кантакце з мясцовымі ўладамі па гэтым інцыдэнце”.

“Шчыра спачуваем родным і блізкім загінуўшых і зычым усім пацярпелым найхутчэйшага выздараўлення. <…> Гэта трагічнае здарэнне нагадвае, што бяспека гасцей і персаналу, у тым ліку пажарная, маюць быць абсалютным прыярытэтам для адміністрацый усіх месцаў адпачынку”, — падкрэсліла МЗС.

Раней спачуванні ў сувязі з трагедыяй выказала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Ранкам 1 студзеня паліцыя швейцарскага кантона Вале паведаміла, што ў навагоднюю ноч, каля 1:30, у бары Le Constellation, размешчаным на гарналыжным курорце Кран-Мантана, з невядомай прычыны адбыўся пажар. Пры гэтым, як было заяўлена, “некалькі чалавек загінула, іншыя атрымалі раненні”.

Апоўдні 1 студзеня тэлеканал Euronews прадставіў удакладненую інфармацыю, паводле якой загінулі дзясяткі людзей, каля ста атрымалі раненні, большасць — цяжкія.

Прычына пажару пакуль не высветленая, аднак улады не выключаюць, што ён мог узнікнуць у выніку нападу.

Падзяліцца: