Мінск 17:45

Ціханоўская выказала спачуванні ў сувязі з трагедыяй на швейцарскім курорце Кран-Мантана

Відэа: тэлеканал Euronews / стоп-кадр: "Позірк"

1 студзеня, Позірк. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская “глыбока засмучаная жахлівымі навінамі з Кран-Мантаны” ў Швейцарыі.

“Мае думкі з ахвярамі і іх сем’ямі. Выказваю шчырыя спачуванні ўсім, каго закранула гэтая трагедыя, і падзяку экстраным службам, якія працуюць у гэтыя цяжкія гадзіны”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Ранкам 1 студзеня паліцыя швейцарскага кантона Вале паведаміла, што ў навагоднюю ноч, каля 1:30, у бары Le Constellation, размешчаным на гарналыжным курорце Кран-Мантана, з невядомай прычыны адбыўся пажар. Пры гэтым, як было заяўлена, “некалькі чалавек загінула, іншыя атрымалі раненні”.

“Неадкладна былі задзейнічаныя шматлікія падраздзяленні паліцыі, пажарнай аховы і службаў выратавання для аказання дапамогі вялікай колькасці пацярпелых”, — адзначыла ведамства. Пасля інцыдэнту тэрыторыя была ачэпленая, увялі забарону на палёты над Кран-Мантанай.

Апоўдні 1 студзеня тэлеканал Euronews прадставіў удакладненую інфармацыю, згодна з якой загінулі дзясяткі людзей, каля ста атрымалі раненні, большасць — цяжкія.

Падзяліцца: