Мінск 05:22

У навагоднім звароце Латушка зноў прапанаваў дзяржслужачым дыялог для выхаду з крызісу

Павел Латушка падчас навагодняга звароту
Відэазапіс: Офіс Святланы Ціханоўскай / стоп-кадр: "Позірк"

1 студзеня, Позірк. Пачаць дыялог “для выхаду з крызісу, для незалежнасці і свабоды” прапанаваў Павел Латушка дзяржаўным служачым у сумесным навагоднім звароце са Святланай Ціханоўскай і былымі палітвязнямі Марыяй Калеснікавай і Паўлам Севярынцам.

“Дыялог для развіцця замест застою. Дыялог для лепшай будучыні, якой заслугоўваюць беларусы. Якой заслугоўвае наша Радзіма”, — сказаў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце.

“Вы бачыце, што сістэма зайшла ў тупік. Вы штодня сутыкаецеся з рашэннямі, якія прымаюцца не ў інтарэсах людзей, а дзеля аднаго чалавека. Але мы з вамі хочам аднаго: павагі, свабоды і бяспекі. Мы ўсе марым пра лепшае жыццё. Напярэдадні Новага года падумайце, які след вы хочаце пакінуць пасля сябе — след чалавека, які проста трымаецца за крэсла, ці чалавека, які дапамог вярнуць сваёй краіне будучыню”, — заклікаў чыноўнікаў Латушка, у мінулым амбасадар і міністр.

“Менавіта ад нас залежыць, у якой краіне жыць. Вы патрэбныя Беларусі”, — дадаў ён.

24 снежня старшыня КДБ Іван Церцель заявіў, што планы апанентаў рэжыму па правядзенні круглага стала з прадстаўнікамі ўлады не здзейсняцца.

9 жніўня з ініцыятывай правесці нацыянальны дыялог для мірнага вырашэння глыбокага палітычнага і грамадскага крызісу ў Беларусі афіцыйна выступіў Аб’яднаны пераходны кабінет.

Аб намеры АПК ініцыяваць нацыянальны дыялог заявіў за дзень да гэтага Павел Латушка.

Пазіцыя АПК была выпрацавана 7 жніўня ў развіццё прапановы Ціханаўскай 15 ліпеня ў Бруселі на 107-м семінары Роўз-Рот, арганізаваным Парламенцкай асамблеяй НАТО ў партнёрстве з Еўрапарламентам.

Прапанову нефармальна ў вуснай форме перадаў намесніку міністра замежных спраў Беларусі Ігару Сакрэце дарадца дэмлідара па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі падчас мерапрыемстваў АБСЕ ў Хельсінкі 31 ліпеня — 1 жніўня.

22 жніўня Лукашэнка заявіў дзяржСМІ, што не бачыць сэнсу ў перамовах з апанентамі.

Падзяліцца: