Ціханоўская запісала навагодні зварот разам з Калеснікавай, Севярынцам і Латушкам

1 студзеня, Позірк. Супольны навагодні зварот запісалі дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Ціханоўская, яе намеснік ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка і два былых палітвязня, вызваленых і вывезеных з краіны 13 снежня, — Марыя Калеснікава (член каманды Ціханоўскай на прэзідэнцкіх выбарах-2020) і Павел Севярынец (сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя).
“Не ўсе нашыя планы здзяйсняюцца, — адзначыла Калеснікава, маючы на ўвазе планы на святкаванне Новага года ў калоніі. — У сярэдзіне снежня я мелася атрымаць каля 80 рублёў свайго заробку, пайсці ў турэмную краму і купіць печыва і ласункі да навагодняга стала. Згушчонка ў мяне ўжо была. Я хацела зрабіць з яе традыцыйны святочны торт. Мы з дзяўчынкамі збіраліся накрыць стол, піць каву і размаўляць. Я б думала пра сваю сям’ю і ведала, што яны прыгадваюць мяне ў гэты момант. Як і кожны папярэдні Новы год у турме”.
“Зараз, калі вы глядзіце гэтае відэа, я абдымаю сваіх родных, а згушчонка засталася ў калоніі! Я цяпер дакладна ведаю, што калі ўсё здараецца не так, як мы планавалі, то, быць можа, гэта нават яшчэ і лепей”, — сказала Калеснікава.
“Мяне не было тут (на волі. — “Позірк“.) пяць доўгіх гадоў, — нагадала яна. — Я з цікавасцю спазнаю новы свет. Я выйшла і даведалася, што здарылася шмат дрэннага, шмат дзіўнага і страшнага. Я выйшла і не ўбачыла ніводнага чалавека, якому было б лёгка. Я не чула нікога, хто б сказаў, што гэтыя пяць год прайшлі гладка. Але я не ўбачыла зламаных людзей, людзей, якія забыліся на салідарнасць ці любоў. Я ўбачыла, як шмат дасягнулі беларусы ў сваіх ідэях, у культуры, думцы, глабальным свеце, у краіне і за яе межамі”.
Калеснікава прызналася, што “шмат чаго страціла за гэтыя пяць гадоў”. “Шмат, але не надзею. Я працягваю спадзявацца на галоўныя каштоўнасці гэтага свету — дабро і суперажыванне, яны сталі для нас яшчэ больш патрэбнымі, асабліва цяпер. І яны ў нас ёсць. І мы ў нас ёсць”, — падкрэсліла яна.
“Вы дапамагалі палітзняволеным, іх сем’ям, слалі кветкі жонкам і матулям, якім патрэбная была падтрымка ў цяжкую хвіліну. Вы давалі грошы пры кожнай нагодзе. Дапамагалі гадаваць ні ў чым не вінаватых дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай прысутнасці”, — звярнуўся да суайчыннікаў Павел Севярынец.
“Тое, што людзі захаваліся, не зламаліся, стала магчыма і дзякуючы вам — вашай веры і вашай салідарнасці, — выказаў упэўненасць ён. — Калі разумееш, што пра цябе памятаюць, за цябе моляцца — гэта дае сілу трымацца. Упершыню за пяць гадоў я змог абняць жонку Волю і сына Францішка, якому было два годзікі, калі мяне пасадзілі”.
Севярынец заклікаў змагацца за кожнага , хто застаецца ў турмах. “Каб рэпрэсіі скончыліся. Каб і Мікола Статкевіч мог абняць сваю жонку, а кожны вызвалены мог абраць дзе жыць. Каб само паняцце “палітычны зняволены” сышло ў нябыт”, — дадаў ён.
Палітык таксама адзначыў, што яго глыбока кранула і тое, як беларусы падтрымліваюць украінскі народ: “Хтосьці — служэннем, хтосьці — валанцёрствам. Хтосьці — на фронце, а хтосьці — рублём”. “Лёсы Беларусі і Украіны неразрыўна звязаныя. Калі Украіна будзе моцнай, вольнай, гэта адкрые шляхі і для незалежнай, еўрапейскай Беларусі”, — сказаў Севярынец.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 30–31 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаПамер бюджэтнага дэфіцыту на 2026 год сведчыць аб узважаным падыходзе да кіравання дзяржфінансамі — Мінфін (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства30 снежня Латвія зафіксавала 3 спробы нелегальнай міграцыі з Беларусі, на мяжы з Літвой спакойна 8 дзёнМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка

