Мінск 19:30

На два гады падоўжаная забарона на ўвоз асобных тавараў з “недружалюбных краін”

31 снежня, Позірк. Да 31 снежня 2027 года падоўжаная забарона на ўвоз і рэалізацыю ў Беларусі асобных тавараў з “недружалюбных краін”, паведамляе прэс-служба ўрада.

“Такая мера накіраваная на абарону нацыянальных інтарэсаў ва ўмовах неаслабнага санкцыйнага ціску на Беларусь”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пералік забароненых тавараў і краін-вытворцаў не прыводзіцца.

31 снежня 2024-га паведамлялася аб працягу на год забароны на ўвоз і рэалізацыю ў Беларусі асобных відаў тавараў, а таксама на імпарт паслуг з “недружалюбных краін”.

Тады ў забаронены пералік былі ўключаныя “асобныя тавары, якія паходзяць з Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі”.

“У іх ліку піва, зброджаныя напоі, сродкі для догляду за скурай, для валасоў, для галення, для гігіены поласці рота і зубоў, дэзадаранты, саставы для ваннаў, мыла, чысцячыя сродкі, дываны падлогавыя, мужчынскае тэкстыльнае адзенне, абутак з верхам з натуральнай скуры, галаўныя ўборы, пасцельныя прыналежнасці, посуд сталовы, кухонны з фарфору і шкляны, асновы матрацныя, лакі, фарбы, пліты, лісты, плёнкі з пластмас, цэтлікі і этыкеткі з паперы, кардона”, — адзначалася ў паведамленні.

Пастановай таксама былі забароненыя “ўвоз і рэалізацыя вады, уключаючы мінеральную і газаваную”.

Пастанова Саўміна № 700 “Аб прымяненні спецыяльных мер у дачыненні да асобных відаў тавараў” была прынятая 6 снежня 2021 года. Контрсанкцыі былі ўведзеныя для “забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў” Беларусі. З тых часоў яны рэгулярна падаўжаюцца, а пералік забароненых тавараў (цяпер і паслуг) абнаўляецца.

Беларускія ўлады лічаць недружалюбнымі краіны Еўрасаюза, ЗША, Албанію, Вялікабрытанію, Ісландыю, Канаду, Ліхтэнштэйн, Нарвегію, Паўночную Македонію, Сербію, Чарнагорыю і Швейцарыю.

Гэтыя дзяржавы ўвялі альбо далучыліся да санкцый, якія сталі рэакцыяй на фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе, вымушаную пасадку ў Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair з блогерам Раманам Пратасевічам на борце, падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне.

Падзяліцца: