Мінск 16:36

A1 і МТС працягнулі абавязацельствы не павышаць тарыфы на мабільную сувязь да канца 2026 года

Фота: ulsplash.com

31 снежня, Позірк. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю паведаміла 31 снежня аб падпісанні пагаднення з аператарамі А1 і МТС аб непадвышэнні тарыфаў на мабільную сувязь у 2026 годзе.

Такім чынам, згаданыя аператары працягнулі адпаведнае абавязацельства, тэрмін дзеяння якога мінаў 31 снежня, і пра які паведамлялася ў кастрычніку адыходзячага года.

У красавіку са спасылкай на дакумент МАРГ, прадстаўлены аб’яднаннем BelPol, “Позірк” паведаміў, што кампанія А1 падвергнулася буйному штрафу за парушэнні цэнавага заканадаўства.

“Найбольшыя штрафныя санкцыі ўжытыя ў дачыненні да ўнітарнага прадпрыемства па аказанні паслуг “А1″ у памеры 83.700.328,1 рубля”, — гаварылася ў ведамаснай справаздачы “Аб выніках працы ў 2024 годзе і задачах на 2025 год”.

У дакуменце паведамлялася, што да адміністрацыйнай адказнасці па выніках праверкі прыцягнулі як саму кампанію, так і яе службовую асобу (без канкрэтызацыі).

Паводле справаздачы аб выніках працы летась, праверкі “буйных суб’ектаў гаспадарання, якія працуюць на рынках сотавай і паштовай сувязі” (акрамя А1 згадваліся МТС і прадпрыемства “Белпошта”), падчас якіх “выяўленыя парушэнні заканадаўства аб цэнаўтварэнні”, праводзіў Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК), МАРГ у іх “браў удзел”.

Падзяліцца: