Лукашэнка асудзіў нібыта здзейсненую атаку Украіны на рэзідэнцыю Пуціна, заявіўшы, што раней “ніхто нікога не спрабаваў забіць з кіраўнікоў дзяржаў”

31 снежня, Позірк. “Дзікім тэрарызмам на самым высокім дзяржаўным узроўні” назваў Аляксандр Лукашэнка атаку ўкраінскіх дронаў на рэзідэнцыю прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, якая, паводле сцвярджэння расійскіх уладаў, адбылася ў ноч на 29 снежня.
“Калі гэта так, як гэта зараз падаецца”, — прыводзіць словы палітыка, які наведаў 31 снежня холдынг “Гарызонт”, яго прэс-служба.
“Я акурат думаю пра тое, каму гэта трэба было, да чаго гэта магло прывесці, — сказаў Лукашэнка. — Ну, каму трэба, — я падазраю, хто там стаіць за [прэзідэнтам Украіны] Уладзімірам Аляксандравічам Зяленскім. Думаю, што калі ён да гэтага і датычны, то ён не ведаў, што ён робіць”.
Палітык сцвярджае, што ў рамках цяперашняй вайны раней аніводны з бакоў не атакаваў першую асобу другога боку: “Не тое, што яны дамовіліся не страляць адзін у аднаго, а так склалася сітуацыя ў гэтай вайне, што ніхто нікога не спрабаваў забіць з кіраўнікоў дзяржаў. Ніхто гэтага не рабіў. І тут — спроба нанясення ўдару па адной з рэзідэнцый прэзідэнта”.
Варта адзначыць, што прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў неаднаразова заяўлялі пра прадухіленне спробаў забойства Зяленскага, за якімі, як сцвярджалася, стаяў Крэмль. Так, у лістападзе 2023 года ўкраінскі прэзідэнт казаў, што ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ у лютым 2022-га перажыў не менш за пяць замахаў. Кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Малюк сёлета ў чэрвені заявіў, што РФ планавала ліквідаваць Зяленскага ў польскім аэрапорце Жэшуў.
Крэмль абвінаваціў Украіну ў атацы дронаў на рэзідэнцыю Пуціна ў ноч на 29 снежня 2025 на Валдаі (Наўгародская вобласць РФ). Першым пра гэта заявіў міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў, якога цытавала агенцтва “Інтэрфакс”. Паводле сцвярджэння чыноўніка, у атацы быў задзейнічаны 91 беспілотнік.
Заява пра напад з’явілася на наступны дзень пасля сустрэчы Зяленскага з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, на якой абмяркоўваўся мірны план, а таксама практычна адначасова з чарговай, дзясятай у 2025 годзе, тэлефоннай размовай Трампа і Пуціна. Падчас гутаркі расійскі лідар распавёў суразмоўцу пра інцыдэнт, які нібыта адбыўся.
Кіеў рашуча адпрэчыў гэтыя абвінавачанні. Зяленскі назваў гэта “чарговай хлуснёй Расійскай Фэдэрацыі”. На яго думку, такім чынам РФ рыхтуе глебу для ўдару па ўрадавых будынках у Кіеве.
Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным 26 лістапада ў Бішкеку (Кыргызстан) пацвердзіў “гатоўнасць аднавіць мірныя перагаворы па Украіне на мінскай пляцоўцы”.
Такую заяву ён зрабіў, рэагуючы на словы Пуціна — той сказаў, што “літаральна з першых дзён [расійска-ўкраінскай вайны] усе намаганні, якія рабіліся Беларуссю па гэтым кірунку, мелі добры вынік”. “І першыя нашы кантакты па гэтым пытанні з кіеўскім рэжымам праходзілі менавіта на беларускай зямлі”, — адзначыў прэзідэнт РФ.
24 лютага 2022 года Расія распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Расследавальнікі неаднаразова прадстаўлялі даныя, якія сведчаць пра тое, што многія беларускія прадпрыемствы актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.
Расійска-ўкраінскія перагаворы на тэрыторыі Беларусі ў 2022 годзе праходзілі ў Гомелі (28 лютага) і Брэсце (3 і 7 сакавіка).

- Грамадства30 снежня Латвія зафіксавала 3 спробы нелегальнай міграцыі з Беларусі, на мяжы з Літвой спакойна 8 дзёнМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка29 снежня зафіксавана рэкордная за апошнія паўтара тыдня колькасць спробаў нелегальна трапіць з Беларусі ў ЕС (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства


