Мінск 14:26

Урад падоўжыў контрсанкцыі супраць шэрагу заходніх кампаній да канца 2027 года

Ілюстрацыя: liquimoly.co.rs

31 снежня, Позірк. “Спецыяльныя меры” супраць шэрагу заходніх кампаній падоўжаныя па 31 снежня 2027 года пастановай Савета міністраў № 782 ад 29 снежня.

Дакумент, апублікаваны 31 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, набудзе моц 1 студзеня 2026 года.

Контрсанкцыі, першапачаткова ўведзеныя на паўгода 23 красавіка 2021 года, падаўжаліся 2 лістапада 2021-га, 4 траўня і 3 лістапада 2022-га, 2 траўня, 30 кастрычніка 2023-га. Пасля дзеянне “спецыяльных мер” адносна прадукцыі шэрагу еўрапейскіх вытворцаў было падоўжанае да 31 снежня 2025 года.

Такім чынам, да канца 2027 года ў Беларусі забаронены гандаль таварамі груп кампаній Liqui Moly, Škoda Auto і Beiersdorf (гандлёвыя маркі Nivea, Eucerin, La Prairie, Labello, Hansaplast, Florena, 8×4, Skin Stories, Gammon, Tesa, Chaul, Coppertone, Hidrofugal, Stop the water while using me).

У 2024 годзе ўрад увёў шэраг выключэнняў. Напрыклад, на працягу 2025-га забарона не распаўсюджвалася на тавары гэтых кампаній, якія ўвозяць фізічныя асобы, што перасяліліся ў Беларусь для сталага пражывання або маюць намер гэта зрабіць, а таксама асобы, што атрымалі статус уцекача.

“Спецыяльныя меры” супраць вышэйзгаданых кампаній улады ў Мінску ўвялі “для забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў, з улікам недружалюбных дзеянняў у дачыненні да беларускага народа”.

Згаданыя кампаніі заявілі, што не будуць спансаваць чэмпіянат свету па хакеі 2021 года, які планавалася правесці ў Мінску і Рызе, калі Беларусь застанецца бокам, які яго прымае. У выніку ўсім турнірам займалася Латвія.

Падзяліцца: