Мінск 11:22

У Літве затрыманы грамадзянін Беларусі з падробленым пасведчаннем кіроўцы

Фота: САДМ Літвы

30 снежня, Позірк. Грамадзянін Беларусі з падробленым дакументам затрыманы ў Літве пры спробе вярнуцца на радзіму праз пункт пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог), паведамляе літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ).

Паводле інфармацыі ведамства, 40-гадовы мужчына 24 снежня ехаў у Беларусь у якасці пасажыра рэйсавага аўтобуса (Каўнас — Мінск). Пры праверцы дакументаў памежнікі папрасілі яго дадаткова паказаць пасведчанне кіроўцы.

Беларускі грамадзянін заявіў, што не мае такога дакумента, але “падчас дбайнага надгляду яго асабістых рэчаў было знойдзена пасведчанне кіроўцы Рэспублікі Беларусь, <…> сапраўднасць якога выклікала сумненні ў службовых асоб”.

“У ходзе праверкі высветлена, што прадстаўленае пасведчанне кіроўцы грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, як мяркуецца, з’яўляецца поўнай падробкай: нумар дакумента, ахоўная сетка, рэквізіты і іх запаўненне выкананыя струйным прынтарам, — гаворыцца ў паведамленні. — Ультрафіялетавая абарона і мікратэкст імітаваныя. Грамадзянін Беларусі прызнаўся супрацоўнікам, што <…> пасведчанне, выдадзенае на яго імя, ён набыў за 300 еўра пасля таго, як быў пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на 5 гадоў”.

Вільнюскі памежны атрад пад кантролем акруговай пракуратуры распачаў дасудовае расследаванне па факце “магчымага набыцця і выкарыстання падробленых дакументаў”.

“Замежнік затрыманы і змешчаны ў памяшканне часовага ўтрымання Вільнюскага памежнага атрада”, — паведаміла САДМ.

Падзяліцца: