Мінск 14:23

“Вашы грошы”: Цытрусавыя за пяць гадоў падаражэлі на 92%, пеністае віно — на 70%

Ілюстрацыя: daliz.finance

28 снежня, Позірк. Пра падаражанне ў Беларусі дзвюх папулярных навагодніх прадуктаў — цытрусавай садавіны і пеністага віна — паведамляе праект “Вашы грошы”.

Паводле звестак Белстата, сярэдні раздробны кошт цытрусавых вырас са снежня 2024 года да лістапада 2025-га з 7,25 да 7,81 рубля (+7,7%), пеністае — з 18,03 да 20,89 рубля (15,9%).

“Самае цікавае відаць на доўгай дыстанцыі — і тут “навагодняя дробязь” ператвараецца ў важкую нагрузку для гаманца. Калі параўнаць са снежнем 2021 года, сярэдні кошт цытрусавых вырас з 4,07 да 7,81 рубля — на 92%. Пеністае — з 12,32 да 20,89 рубля, гэта значыць прыкладна на 70%”, — гаворыцца ў публікацыі.

“У перакладзе на бытавую логіку гэта азначае, што мандарыны сталі менш даступнымі — іх цана расла хутчэй даходаў, і кожны кілаграм усё больш “адкусвае” ад бюджэту. Пеністае трымаецца бліжэй да дынамікі заробкаў і менш б’е па кішэні. Часткова гэта тлумачыцца тым, што значная доля прапановы алкаголю фарміруецца ўнутры краіны, і цэны на яго рэгулююцца, а значыць, менш залежаць ад знешніх цэнавых шокаў і лагістыкі”, — адзначаюць эксперты.

Звяртаецца ўвага, што “святочны кошык” прадуктаў даражэе нераўнамерна. “Па пеністых роскід за пяць гадоў вельмі паказальны: у Мінскай вобласці рост склаў усяго 37%, а ў Віцебскай — 106%, гэта значыць цана падвоілася”, — паведамляецца ў публікацыі.

У лістападзе спажывецкія цэны ў краіне выраслі на 0,38%. Харчовыя тавары і безалкагольныя напоі падаражэлі на 0,83%, з улікам алкаголю і тытуню — на 0,76%, нехарчовыя тавары — на 0,02%, паслугі — на 0,14%.

Сярод несезонных харчовых тавараў у першай пяцёрцы па росце цэн мёд (+3,53%), манныя крупы (+2,89%), мінеральная і пітная вада (+2,46%), здобныя булачныя вырабы з пшанічнай мукі вышэйшага гатунку (+2,39%) і какава-парашок (+2,31%); сярод сезонных — агуркі (+34,18%), салодкі перац (+26,03%), белакачанная капуста (+18,88%), памідоры (+9,77%) і вінаград (+4,93%).

Найбольш патаннелі: сярод несезонных харчовых тавараў — растваральны какава-напой (-3,16%), ласосевая ікра (-2,38%), кукурузныя шматкі (-1,42%), марожаная рыба (філе і разабраная) (-1,17%) і свіное рагу (-1,00%); сярод сезонных — авакада (-7,32%), бананы (-4,19%), бульба (-4,09%), цытрусавыя (-1,38%) і яблыкі (-1,01%).

Лідары па падаражэнні сярод нехарчовых тавараў: губная памада (+5,05%), туалетная вада (+4,81%), крэм для твару (+3,71%), флэш-карты, карты памяці (+2,41%) і шафы для адзення і бялізны (+2,18%).

У топ-5 па патанненні: жаночыя зімовыя боты (-3,79%), мужчынскія боты, чаравікі на меху (-3,33%), электрычныя мультываркі (-3,30%), керамичная плітка (-3,15%), а таксама зімовыя і дэмісезонныя паліто для дзяўчынак (-2,82%).

У сферы паслуг найбольш падаражэлі ацяпленне (+8,66%), тэхабслугоўванне легкавых аўтамабіляў (+4,18%), курсы аўтакіравання (+2,81%), рамонт ювелірных вырабаў (+2,65%) і ўстаноўка міжпакаёвых дзвярэй (+2,41%). Прыкметней за ўсё патаннелі міжнародны турызм (-9,85%), авіябілеты (-2,62%), квіткі на міжнародныя цягнікі (-2,20%), на канцэрты (-0,54%) і ў тэатры (-0,34%).

У 2025 годзе ўлады планавалі ўтрымаць інфляцыю ў межах 5%. Такім чынам, па выніках 11 месяцаў парог перавышаны на 1,49 працэнтнага пункта, або ў 1,3 раза.

За 11 месяцаў 2025 года найбольш падаражэлі какава-парашок, кава і курсы аўтакіравання (падрабязна)

16 снежня, Позірк. Какава-парашок, натуральная молатая кава і курсы кіравання аўтамабілем найбольш падаражэлі ў Беларусі за 11 месяцаў 2025 года, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз звестак Белстата (без уліку сезоннай плодаагародніннай прадукцыі). Цэны на какава-парашок павялічыліся на 74,10%, каву — на …
Падзяліцца: