Мінск 18:34

Пратасевіч у якасці разведчыка працаваў за мяжой у баявой абстаноўцы — Церцель

Раман Пратасевіч
Архіўнае відэа: агенцтва "Мінск-Навіны" Стоп-кадр: “Позірк”

24 снежня, Позірк. Экс-палітвязень і былы апазіцыйны журналіст Раман Пратасевіч з’яўляецца супрацоўнікам знешняй выведкі, заявіў дзяржСМІ 24 снежня старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель.

“Пацвярджаю: так, Пратасевіч з’яўляецца супрацоўнікам нашай знешняй выведкі. Гэты чалавек працаваў на тэрыторыі шэрагу дзяржаў у баявой абстаноўцы. Выконваў важныя задачы. Вядома, пра іх я казаць не магу. Напэўна, да канца (так бывае ў нашай прафесіі) гэта не будзе раскрыта. Але яго ўнёсак быў дастаткова сур’ёзным па шэрагу аспектаў”, — сказаў кіраўнік КДБ.

Напрыклад, дадаў ён, калі ў 2020 годзе сілавікі “збіраліся кожны дзень і абмяркоўвалі, чаго чакаць ад чарговых спробаў перавароту”, на такіх нарадах кіраўнік КДБ “справаздачыўся пра задумы праціўніка”. “У тым ліку хто куды будзе ісці, рэгуляваць, дзе яны плануюць што рабіць і іншыя аспекты. Хто гэтым планаваннем займаўся, хто выходзіў у якасці разведчыкаў тут па розных месцах лакацыі, планаваў гэтыя дзеянні па сутычках з супрацоўнікамі міліцыі, па нанясенні шкоды пэўным эканамічным аб’ектам”, — адзначыў Церцель.

У гэтай інфармацыі быў “сур’ёзны працэнт” звестак, якія здабываліся Пратасевічам, сцвярджае кіраўнік спецслужбы.

“Таму нашыя праваахоўныя органы дзейнічалі ў той перыяд дастаткова ўпэўнена, ведалі, як сітуацыя будзе развівацца. Акрамя таго, цалкам дзякуючы яго працы мы валодалі дынамікай стварэння гэтых падрыўных цэнтраў: хто за імі стаяў, хто фінансаваў, хто (да прыкладу, былы прэм’ер Польшчы) прыязджаў туды, якія грошы абяцаў, з якога фонду, колькі пасад выдзелілі на варшаўскі офіс, які там “дзеячы культуры” пэўныя цяпер спрабуюць развіваць беспаспяхова. Гэта яго праца”, — заявіў старшыня КДБ.

Упершыню пра тое, што Пратасевіч з’яўляўся супрацоўнікам КДБ на момант затрымання ў аэрапорце Мінска, заявіў 31 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць.

“Доўга распавядаць не буду, — сказаў ён. — Пратасевіч — гэта супрацоўнік нашай выведкі. Нам трэба было яго затрымліваць? А вось пытанне, чаму яны (самалёт Ryanair. — “Позірк”.) у Вільнюс ляцелі, там не селі, а развярнуліся і ў Мінск прыляцелі, селі пасля званка, што ў іх на борце там нейкая выбухоўка… Ну сядайце, вы ў Вільнюс ляцелі, над Вільнюсам былі — сядайце. Развярнуліся, прыляцелі ў Мінск. Я кажу: “Ну што, праводзьце аперацыю, ён жа пад прыкрыццём працаваў гэтых збеглых. Праводзьце аперацыю як след. Прыйшлося нам аперацыю праводзіць па яго затрыманні”.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, беларускаму боку не трэба было затрымліваць Пратасевіча і на той момант яго дзяўчыну грамадзянку Расіі Сафію Сапегу. “Ён прыехаў у Грэцыю, яго туды выклікалі, ён далажыў разведчыкам усё, што нас цікавіла, атрымаў заданне і ляцеў назад. Туды, дзе працаваў, праз Вільнюс. Нас абвінавацілі ў затрыманьні апазыцыянэра. А ён не наш апазіцыянер. Мы не затрымлівалі апазіцыянера. Вось увялі санкцыі”, — сказаў ён.

Пратасевіч і Сапега былі затрыманыя 23 траўня 2021 года ў выніку арганізаванай беларускімі ўладамі вымушанай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс.

Мінскі абласны суд 3 траўня 2023 года прыгаварыў палітвязня Пратасевіча, які пайшоў на супрацоўніцтва са следствам на той момант, да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

22 траўня 2023 года Пратасевіч быў памілаваны. Сапегу, асуджаную на 6 гадоў зняволення, памілавалі ў чэрвені.

Інцыдэнт з прымусовай пасадкай самалёта ў траўні 2021 года прывёў да міжнароднага скандалу, у выніку якога над Беларуссю перасталі ажыццяўляць палёты многія еўрапейскія авіякампаніі, а для беларускіх самалётаў усе сумежныя краіны, акрамя Расіі, закрылі неба.

У ліпені 2022 года сфарміраваная Саветам Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) рабочая група выпусціла справаздачу аб расследаванні інцыдэнту, у якім беларускія ўлады былі абвінавачаныя ў стварэнні ілжывай пагрозы для пасадкі борта і затрымання апанентаў рэжыму.

“Пасля разгляду вынікаў праверкі фактаў Савет ІКАО прызнаў, што пагроза выбуху бомбы на борце FR4978 Ryanair была загадзя ілжывай, што падарвала бяспеку рэйса, акрамя таго, гэтая пагроза была даведзеная да лётнага экіпажа па ўказанні высокапастаўленых службовых асоб Беларусі”, — падкрэслівалася ў паведамленні арганізацыі.

Лукашэнка назваў справаздачу аб інцыдэнце фальсіфікацыяй. Да гэтага ён рэкамендаваў ІКАО “спусціць усё на тармазах, не лезці ў нетры”.

Падзяліцца: