Мінск 13:42

У лістападзе намінальная сярэдняя зарплата знізілася на 55 рублёў (дапоўнена)

Архіўнае фота: tut.by

24 снежня, Позірк. Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Беларусі ў лістападзе 2025 года склала 2.703,7 рубля — на 54,9 рубля менш (-2%), чым у кастрычніку (2.758,6), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У снежні 2024-га гэты паказчык складаў 2.693,9 рубля, студзені 2025-га — 2.427,4, лютым — 2.428,1, сакавіку — 2.601,8, красавіку — 2.613,5, траўні — 2.652,3, чэрвені — 2.717,8, ліпені — 2.772,4, жніўні — 2.762,7, верасні — 2.746,4.

Па ўзроўні намінальнага заробку традыцыйна лідзіруе Мінск — 3.560,8 рубля (у кастрычніку — 3.653,5; -2,5%). У Мінскай вобласці яна склала 2.741,5 (2.800,2; -2,1%), Гродзенскай— 2.441,9 (2.468,7; -1,1%), Брэсцкай— 2.422,8 (2.470,2; -1,9%), Гомельскай — 2.397,3 (2.444,9; -1,9%), Магілёўскай — 2.285,1 (2.315,6; -1,3%), Віцебскай — 2.244,5 (2.286,1; -1,8%).

Больш за ўсё было налічана работнікам сектара інфармацыі і сувязі — 5.905 рублёў (5.960; -1%).

Далей ідуць прадстаўнікі:

сферы фінансаў і страхавання — 3.727,5 (3.992,2; -6,6%);

будаўніцтва — 3.497,1 (3.677; -4,9%);

прафесійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасці — 3.359,6 (3.390,9; -0,9%);

прамысловасці — 2.817,6 (2.912,2; -3,2%);

лагістыкі — 2.578,2 (2.694,1; -4,3%);

аптовага і рознічнага гандлю — 2.508,4 (2.518,1; -0,4%);

аперацый з нерухомай маёмасцю — 2.423,4 (2.458,4; -1,4%);

сельскай, лясной і рыбнай гаспадарак — 2.332,3 (2.323,3; +0,4%);

аховы здароўя і сацыяльных паслуг — 2.178,7 (2.141,1; +1,8%);

іншых відаў паслуг — 2.081,3 (2.158,4; -3,6%);

дзейнасці ў галіне адміністрацыйных і дапаможных паслуг — 2.028,3 (2.142,2; -5,3%);

творчасці, спорту, забаў і адпачынку — 2.025,3 (2.014,7; +0,5%);

сферы паслуг па часовым пражыванні і харчаванні — 1.978,3 (2.022,5; -2,2%);

адукацыі — 1.888,9, (1.867,6; +1,1%).

Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў студзені — кастрычніку 2025 года выраслі на 10% да таго ж перыяду 2024-га, сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У агульным аб’ёме грашовых даходаў аплата працы займае 66,3% (месяцам раней — 66,4%), трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншыя трансферты насельніцтву) — 21,9% (не змяніліся), даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, — 7,4% (7,3%), даходы ад уласнасці і іншыя даходы — 4,4% (не змяніліся).

У студзені рост складаў 13,8%, студзені — лютым — 12,5%, студзені — сакавіку — 12%, студзені — красавіку — 10,8%, студзені — траўні — 10,5%, студзені — чэрвені — 10,2%, студзені — ліпені і студзені — жніўні — 10%, студзені — верасні — 10,2%.

Па выніках 2024 года названыя даходы павялічыліся на 9,7%, 2023-га — на 6,3%, 2022-га — на 3,6%.

Раней “Позірк” паведамляў, што спажывецкія цэны ў лістападзе 2025 года выраслі на 0,4%, у параўнанні са снежнем 2024 года — на 6,5%, у гадавым вымярэнні (да лістапада 2024 года) — на 7%.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пастановай № 4 ад 27 студзеня вызначыла паказчыкі штомесячнага (з нарастаннем) дапушчальнага павелічэння цэн: у студзені цэны не павінны былі вырасці больш чым на 0,7% (фактычна — +0,7%), па выніках студзеня — лютага — на 1,9% (+2%), студзеня — сакавіка — на 2,2% (+2,8%), студзеня — красавіка — на 2,7% (+3,8%), студзеня — траўня — на 3% (+4,5%), студзеня — чэрвеня — 3,3% (+5,4%), студзеня — ліпеня — 3,4% (+5,6%), студзеня — жніўня — 3,4% (+5,3%), студзеня — верасня — 3,7% (+5,8%), студзеня — кастрычніка — 4,1% (+6,1%), студзеня — лістапада — 4,4% (+6,5%).

Далей: студзень — снежань — 5% (адзнака з’яўляецца афіцыйна зацверджанай на 2025 год).

Калі цэнавы кантроль не будзе больш жорсткім, то гадавая інфляцыя ўвосень акажацца ў дыяпазоне 8–9%, заявіў на брыфінгу 21 ліпеня старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык.

Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшымі эканамічнымі прыгнознымі (дэ-факта — планавымі) параметрамі на 2025 год, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва павінны вырасці на 4%.

Падзяліцца: