Мінск 13:25

Былы баец ССА Зязюльчык пасля палону ва Украіне асуджаны ў Беларусі за “здраду дзяржаве”

Ілюстрацыя: ютуб-канал Уладзіміра Золкіна

24 снежня, Позірк. Максім Зязюльчык, які ваяваў супраць Украіны на баку Расіі, прызнаны ў Беларусі вінаватым паводле арт. 133 (найміцтва) і арт. 356 (Здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэкса, паведамляе праваабарончая ініцыятыва DissidentBY.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суд на Зязюльчыкам быў закрытым, а “сама справа засакрэчаная”.

“Вядома, што прысуд склаў не менш за 10 гадоў пазбаўлення волі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што пакаранне Зязюльчык адбывае ў папраўчай калоніі №17 у Шклове (Магілёўская вобласць).

Праваабаронцы паведамляюць, што ў верасні 2022 года ўраджэнец Рудзенска (Мінская вобласць) Зязюльчык быў паранены ў нагу, трапіў у палон у Ліманскім раёне Данецкай вобласці. Ва Украіне яго асудзілі за найміцтва на 10 гадоў пазбаўлення волі. Украіна заяўляла, што мужчына можа быць агентам Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі.

У 2024 годзе Украіна перадала Зязюльчыка Расіі, якая адправіла яго ў Беларусь.

У ліпені 2023 года Зязюльчык, знаходзячыся ў палоне ва Украіне, даў інтэрв’ю ўкраінскаму блогеру Уладзіміру Золкіну. Беларус паведаміў, што ў разгоне акцый пратэсту ў 2020 годзе ў Мінску ўдзельнічалі вайскоўцы Міністэрства абароны, а таксама “пераапранутыя салдаты — гэта беларускі АМАП і расійскі АМАП”.

Паводле яго слоў, расійскі АМАП прыехаў у Беларусь, яго байцы пераапрануліся ў форму беларускага АМАПа, але пакінулі свае берцы. Па гэтым абутку, як сказаў Зязюльчык, на відэа з пратэстаў можна вызначыць дзяржаўную прыналежнасць сілавікоў.

Таксама Зязюльчык заявіў, што частка Сіл спецыяльных аперацый (ССА), дзе ён служыў у 2020 годзе, аказвала садзейнічанне АМАПу ў разгоне пратэстаў. 317-ы і 357-ы батальёны ССА былі накіраваныя ў Мінск, атрымалі форму АМАПу, але таксама адрозніваліся абуткам.

У Беларусі да справы Зязюльчыка з 2014 года не паведамлялася пра крымінальны пераслед грамадзян, якія ваююць на баку РФ.

У верасні ўкраінскі праект “Хачу жыць” паведамляў, што прынамсі 596 грамадзян Беларусі падпісалі кантракт з Узброенымі сіламі Расіі за першую палову 2025 года.

28 красавіка праект апублікаваў імёны 742 грамадзян Беларусі, якія ваявалі або ваююць на баку Расіі.

24 лютага 2022 года РФ пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі прадаставіў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследвальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: