Мінск 19:55

Асуджаных выкарыстоўваюць для вырабу тары для боепрыпасаў — экс-палітвязень (дапоўнена)

Экс-палітвязень Максім Сенік
Фота: "Позірк"

22 снежня, Позірк. Факт таго, што ў пенітэнцыярных установах асуджаных выкарыстоўваюць для вырабу тары для боепрыпасаў, пацвердзіў на прэс-канферэнцыі 22 снежня ў Вільнюсе нядаўна вызвалены і высланы з Беларусі член незалежнага прафсаюза на “Гродна Азоце” Максім Сенік.

Удзельнікаў сустрэчы запыталі, ці сутыкаліся яны з тым, пра што распавядалі некаторыя іншыя вызваленыя вязні — пра тое, што ад пачатку вайны Расіі супраць Украіны ў калоніях “сталі вырабляць скрыні для снарадаў, труны, штучныя кветкі, сумкі, аптэчкі, ложкі”.

Сенік, які трапіў у няволю ў студзені 2022 года, пацвердзіў: “Афіцыйна кажуць, маўляў, мы працуем на сваю армію — на беларускую армію”.

“Гэта робіцца, адпаведна, пад прыкрыццём. Прыязджаюць фуры, грузяцца скрыні з-пад ракет, не ведаю, з-пад чаго. Скрыні — даўжыня недзе 2 метры, шырыня — 50 сантыметраў. Гэта чыста для снарадаў, я так разумею, — сказаў экс-палітвязень. — Плюс яшчэ вырабляюць скрыні квадратныя, вялікія даволі, сантыметраў 80 на 50, недзе так. Даволі цяжкавагавыя. Яны быццам бы для куль падрыхтоўваюцца”.

“Куды гэта ўсё сыходзіць, зразумела. Але працуюць пад прыкрыццём — нібыта замаўляе беларускі бок, не Расія, а Беларусь. <…> Вельмі вялікімі партыямі. Зразумела, што столькі Беларусі не трэба. Тым больш яны не адзін год гэта вырабляюць і адпраўляюць, а шмат. Гэта дакладна”, — заявіў Сенік.

Яшчэ адзін вызвалены Валерый Папкоў, які знаходзіўся ў няволі з лістапада 2024 года, паведаміў, што ў наваполацкай калоніі (Віцебская вобласць) ён “такога не бачыў”. “Але мне казалі, што раней там такое выраблялі. І былі прыклады <…> скрынь для ракет, драўляныя”, — сказаў ён.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Расследавальнікі неаднаразова прадстаўлялі даныя, якія сведчаць пра тое, што многія беларускія прадпрыемствы актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: