Мінск 13:29

З 1 студзеня 2026 года ІП не змогуць займацца выдавецкай дзейнасцю

22 снежня, Позірк. З 1 студзеня 2026 года змяняецца парадак ажыццяўлення выдавецкай дзейнасці і дзейнасці па распаўсюджванню друкаваных выданняў, паведамляе Міністэрства інфармацыі.

З пачатку наступнага года індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) “не маюць права ажыццяўляць выдавецкую дзейнасць”, адзначае ведамства.

Да 31 снежня ІП, якія вядуць такую дзейнасць, могуць “бясплатна ажыццявіць замену пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца друкаваных выданняў у выпадку стварэння імі ва ўстаноўленым парадку камерцыйнай арганізацыі, якая засноўваецца адной асобай”.

“Для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія з’яўляюцца распаўсюднікамі друкаваных выданняў, з 1 студзеня 2026 года захоўваецца магчымасць толькі рознічнага распаўсюджвання друкаваных выданняў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Мінінфарм звяртае ўвагу, што ІП, зарэгістраваным у якасці распаўсюдніка друкаваных выданняў, якія ажыццяўляюць аптовы гандаль, і не стварылі камерцыйную арганізацыю ад імя адной асобы, неабходна накіраваць у ведамства адпаведнае апавяшчэнне аб унясенні змяненняў у дзяржрэестр.

Па выніках студзеня — чэрвеня 2025 года ў Беларусі налічвалася 229.530 індывідуальных прадпрымальнікаў — на 6,3% менш, чым па выніках аналагічнага перыяду 2024-га (245.089), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

22 красавіка 2024 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці.

Дакументам прадугледжаныя дзве катэгорыі, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю: юрыдычныя і фізічныя асобы.

Да юрыдычных асоб аднесеныя малыя арганізацыі з колькасцю працуючых да 100 чалавек, сярэднія — да 250 і буйныя — звыш 250, да фізічных асоб — рамеснікі, уладальнікі аграэкасядзіб, самазанятыя, індывідуальныя прадпрымальнікі.

Асноўныя яго палажэнні ўступілі ў сілу 1 кастрычніка мінулага года.

Для ІП, чые віды эканамічнай дзейнасці не ўключаныя ў новы пералік, устаноўлены пераходны перыяд з 1 кастрычніка 2024 года да 31 снежня 2025 года. У гэты тэрмін прадпрымальнікі павінны перарэгістравацца ў камерцыйныя арганізацыі па спрошчанай працэдуры, выконваючы патрабаванні заканадаўства.

Падзяліцца: