Мінск 21:15

Беларускім лучнікам да 21 года дазволілі ўдзельнічаць у міжнародных камандных спаборніцтвах

21 снежня, Позірк. Сусветная федэрацыя стральбы з лука (World Archery) дазволіла беларускім і расійскім лучнікам да 21 года выступаць у нейтральным статусе ў спаборніцтвах пад сваёй эгідай.

Рашэнне было прынята 14–15 снежня на пасяджэнні выканаўчага савета арганізацыі ў Лазане (Швейцарыя), паведаміў прэзідэнт Расійскай Федэрацыі стральбы з лука (РФСЛ) Зорыгта Манханаў.

Яно распаўсюджваецца таксама на камандныя віды спорту.

“Наша “маладзёжка” зможа змагацца ў камандных спаборніцтвах”, — адзначыў функцыянер.

11 снежня Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) рэкамендаваў федэрацыям па відах спорту дапускаць беларусаў і расіян да юнацкіх спаборніцтваў пад сваёй эгідай, у тым ліку камандных.

Пры гэтым МАК дапускае выступы спартсменаў дзвюх краін у міжнародных спаборніцтвах з выкарыстаннем дзяржаўнай сімволікі, калі адпаведная нацыянальная федэрацыя Беларусі або РФ “мае добрую рэпутацыю”.

Таксама 11 снежня МАК скасаваў сваю ранейшую рэкамендацыю спартыўным федэрацыям не праводзіць спаборніцтвы пад сваёй эгідай на тэрыторыі Беларусі.

Разам з тым, існуючыя санкцыі супраць ўрадаў РФ і Беларусі “таксама павінны заставацца ў сіле”, гаварылася ў рэлізе арганізацыі. У прыватнасці, гэта тычыцца абмежавання на акрэдытацыю або запрашэнне на міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы і сустрэчы для дзяржчыноўнікаў з гэтых краін.

Адначасова ў рашэнні сцвярджаецца, што “спартсмены <…> не павінны несці адказнасць за дзеянні сваіх урадаў”.

Беларускі спорт перажывае “адзін з самых няпростых перыядаў у гісторыі”, заявіў кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка на перамовах з прэзідэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэта Кірсці Кавентры, якія прайшлі па відэасувязі.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі праз яго пашпарт”.

28 сакавіка таго ж года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе. З аналагічнымі ўмовамі МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях-2024 у нейтральным статусе.

На камандныя віды спорту рэкамендацыі МАК не распаўсюджваліся.

Некаторыя спартыўныя федэрацыі дапускаюць беларускіх спартсменаў да спаборніцтваў насуперак рэкамендацыям МАК.

Падзяліцца: