Мінск 17:27

Мінабароны пашырыла пералік транспарту, які падлягае канфіскацыі на патрэбы арміі ў перыяд мабілізацыі і ваенны час

21 снежня, Позірк. Пералік транспартных сродкаў, якія падлягаюць канфіскацыі на патрэбы Узброеных сіл і іншых воінскіх фарміраванняў у перыяд мабілізацыі і ваенны час, зацверджаны пастановай Міністэрства абароны.

Дакумент апублікаваны 21 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У такі пералік уключаныя транспартныя сродкі, якія належаць арганізацыям незалежна ад формы ўласнасці.

Згодна з пастановай, канфіскацыі таксама падлягаюць некаторыя катэгорыі асабістага транспарту: легкавыя аўтамабілі з колавай формулай 4×4 (паўнапрывадныя), аўтобусы, грузавыя аўтамабілі (седлавыя цягачы, прычэпы аўтамабільныя, паўпрычэпы аўтамабільныя), трактары, прычэпы і паўпрычэпы трактарныя, самаходныя машыны, квадрацыклы, снегабалотаходы колавыя малагабарытныя (квадрацыклы), маламерныя судны, якія падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі, матацыклы.

Папярэдні пералік транспарту для канфіскацыі на патрэбы абароны ў перыяд мабілізацыі і ў ваенны час быў зацверджаны пастановай Мінабароны №17 ад 3 жніўня 2023 года. У спіс не ўваходзілі матацыклы.

Указ № 282, які прадугледжвае дадатковыя меры па забеспячэнні Узброеных сіл і іншых воінскіх фарміраванняў транспартнымі сродкамі з боку дзяржорганаў і арганізацый у перыяд мабілізацыі і ваенны час, падпісаў 18 ліпеня гэтага года Аляксандр Лукашэнка.

“Цяпер вайскова-транспартны абавязак распаўсюджваецца на транспартныя сродкі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, а таксама на грамадзян, якія атрымалі транспартныя сродкі паводле дамовы фінансавай арэнды (лізінгу), — паведамляла прэс-служба Лукашэнкі. — Удакладняецца парадак устанаўлення мабілізацыйных заданняў для арганізацый-пастаўшчыкоў транспартных сродкаў і іх уліку пры мабілізацыйным разгортванні”.

Міністэрству абароны былі нададзеныя паўнамоцтвы вызначаць пералікі “запасных частак, інструмента і інвентара”, якія неабходныя для “забеспячэння працы транспартных сродкаў, якія пастаўляюцца”.

Падзяліцца: