Мінск 11:24

Лукашэнка здзейсніць чарговы візіт у Расію, плануецца сустрэча з Пуціным

Фота: прэс-служба Уладзіміра Пуціна

21 снежня, Позірк. Чарговы рабочы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Расію анансавала яго прэс-служба.

Адзначаецца, што ён наведае 21–22 снежня Санкт-Пецярбург, дзе возьме ўдзел у самітах Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

На 21 снежня запланавана пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое пройдзе ў вузкім і пашыраным складах. “У парадак дня ўключана два дзясяткі пытанняў. Кіраўнікі дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза абмяркуюць фарміраванне агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў, асноўныя напрамкі міжнароднай дзейнасці на будучы год, падыходы да развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з асноўнымі партнёрамі ЕАЭС і шэраг іншых пытанняў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама плануецца сустрэча Лукашэнкі з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

22 снежня, як заяўляецца, пройдзе “традыцыйная нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц СНД”, на якой палітыкі “ацэняць перспектывы інтэграцыйнага ўзаемадзеяння, а таксама падвядуць вынікі адыходзячага года”.

Лукашэнка і Пуцін апошні раз сустракаліся ў Маскве 25 верасня. Таксама яны размаўлялі 1 жніўня на Валааме (Карэлія, РФ). Раней сёлета Лукашэнка здзяйсняў візіты ў Расію ў сакавіку, красавіку і траўні.

Палітыкі таксама рэгулярна размаўляюць па тэлефоне.

Падзяліцца: