Мінск 19:42

Палітвязні, якія прыбылі ў Варшаву, будуць забяспечаны ўсім неабходным — Латушка

Фота: “Позірк”

18 снежня, Позірк. Паводле папярэдніх звестак, у Варшаву каля 4 гадзін раніцы па мясцовым часе 18 снежня прыбылі з Украіны 89 былых беларускіх палітвязняў, астатнія накіраваліся ў Вільнюс.

Пра гэта паведаміў у каментарыі “Позірку” адзін з беларусаў, якія сустракалі ў польскай сталіцы экс-палітвязняў, — намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка.

Таксама аўтобусы з былымі вязнямі сустракалі спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан, прадстаўнік МЗС Польшчы ў пытаннях супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі Адам Халачыньскі, амбасадар Германіі ў Польшчы Мігель Бергер, журналісты, родныя і блізкія прыбылых, беларусы, якія пражываюць у Польшчы.

Паводле слоў Латушкі, экс-палітвязні пакуль будуць размешчаныя ў гатэлі, пазней — у спецыяльным шэлтары, частка з іх будзе жыць з сем’ямі і блізкімі. Усім будзе забяспечана харчаванне і неабходнае медыцынскае абслугоўванне, псіхалагічная дапамога — усё, што неабходна людзям для сацыялізацыі ў пераходны перыяд, адзначыў палітык.

Сярод прыбылых у польскую сталіцу — Марыя Калеснікава і Віктар Бабарыка (яны з Варшавы накіруюцца ў Германію, якая публічна заявіла, што прыме іх), Максім Знак, Аляксандр Фядута, Марына Золатава і інш.

13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Аляксандр Лукашэнка вызваліў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. 109 беларусаў і 5 украінцаў былі вывезеныя на тэрыторыю Украіны праз пункты пропуску Новая Гута / Новыя Ярылавічы, праз якія Украіна і Расія звычайна праводзяць абмен палоннымі. Яшчэ адзін палітвязень, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі быў высланы ў Літву.

У той жа дзень фонд салідарнасці BySol абвясціў пачатак збору ахвяраванняў для былых палітвязняў — 123 тыс. еўра (па 1 тыс. на кожнага для забеспячэння першачарговых патрэбаў). Паступіла 254.730 еўра, або ў 2,1 раза больш. Збор працягнецца да 31 снежня.

Падзяліцца: