Мінск 17:53

Пасля нападаў у школах РФ Кубракоў распарадзіўся ўзмацніць ахову адукацыйных устаноў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: БелТА

17 снежня, Позірк. Узмацніць “пільнасць вартаўнічай аховы ў школах”, а таксама “пракантраляваць спраўнасць тэхнічных сродкаў абароны” ў іх даручыў начальніку Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў кіраўнік МУС Іван Кубракоў.

Паводле інфармацыі прэс-службы ведамства, “асаблівая ўвага звернутая на неабходнасць імгненнага рэагавання нарадаў пры паступленні сігналаў трывогі”.

Адзначаецца, што “дадатковыя захады па гарантаванні бяспекі ва ўстановах адукацыі Беларусі” зробленыя на ўказанне міністра “ў сувязі з трагедыяй у адной з расійскіх школ”.

Кубракоў таксама даручыў начальніку Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС праінструктаваць адміністрацыі школ пра дзеянні пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый. Супрацоўнікам інспекцый па справах непаўналетніх належыць правесці “індывідуальную працу з навучэнцамі, якія знаходзяцца на прафілактычных уліках”.

МУС папярэдзіла, што “любыя спробы дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне будуць неадкладна і жорстка спыняцца”. Заяўлена, што за распаўсюд “непраўдзівай інфармацыі пра небяспеку” ўжо затрымана тры чалавекі (за які час, не ўдакладняецца).

16 снежня ў падмаскоўным пасёлку Горкі-2 узброены нажом падлетак здзейсніў напад у школе. У выніку нападу памерла дзесяцігадовае дзіця, паранены ахоўнік. Нападнік затрыманы, распачатая крымінальная справа.

15 снежня ў школе № 191 Санкт-Пецярбурга вучань ударыў нажом настаўніцу, пасля чаго нанёс раненні сабе. Педагог трапіла ў рэанімацыю, але цяпер ні яе жыццю, ані жыццю вучня нішто не пагражае.

Падзяліцца: