Спецдакладчык ААН перасцярог ад празмернага аптымізму адносна сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

17 снежня, Позірк. “Нядаўнія вызваленні зняволеных, асуджаных у сувязі з пратэстамі вакол прэзідэнцкіх выбараў 2020 года”, вітаў спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс.
Разам з тым эксперт, заява якога апублікаваная на сайце Савета ААН па правах чалавека, перасцярог ад “празмернага аптымізму адносна сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”.
“Многія з вызваленых, уключаючы палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў, прафсаюзных дзеячаў і грамадзянскіх актывістаў, былі асуджаныя без справядлівага судовага разбіральніцтва ў пакаранне за сваю прафесійную дзейнасць або за ажыццяўленне грамадзянскіх і палітычных правоў, — канстатаваў Муйжніекс. — Нядаўнія вызваленні суправаджаліся высылкай у іншыя краіны, а тыя, каму пасля вызвалення дазволілі застацца ў Беларусі, апынуліся пад жорсткім рэжымам назірання і былі пазбаўленыя магчымасці вярнуцца на кваліфікаваны рынак працы”.
Спецдакладчык ААН падкрэсліў, што на фоне вызвалення адных людзей працягваюцца затрыманні і пераслед з палітычных матываў іншых грамадзян. “Агульная колькасць людзей, якіх праваабаронцы прызнаюць палітзняволенымі, па-ранейшаму перавышае 1.100 чалавек, а гэта азначае, што Беларусь, як і раней, уваходзіць у лік краін з самай высокай колькасцю палітычных зняволеных на душу насельніцтва”, — адзначыў ён.
У заяве нагадваецца, што за апошні год адбылося некалькі хваляў вызваленняў вязняў, асуджаных у сувязі з падзеямі 2020 года. Эксперт звярнуў увагу на тое, што падчас апошняй — 13 снежня — сярод іншых выйшлі на волю лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, а таксама “два лідары палітычнай апазіцыі” — Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава. Адразу пасля вызвалення, адзначыў ён, двое апошніх “былі перапраўленыя ва Украіну”. Раней, у верасні 2025 года, іншая група зняволеных была выслана ў Літву, многія — без дакументаў.
Хоць дзяржаўныя СМІ выставілі гэтыя вызваленні як “памілаванні”, падкрэсліў Муйжніекс, палітык Мікалай Статкевіч, які адмовіўся пакінуць краіну, быў, “згодна з паведамленнямі, затрыманы і зноў змешчаны ў заключэнне”. У дачыненні да некаторых іншых нядаўна вызваленых былі завочна распачатыя новыя крымінальныя справы. Пры гэтым тэрмін пакарання некаторых высланых альбо набліжаўся да заканчэння, альбо яны ўжо адбылі асноўны тэрмін, але “іх заключэнне адвольна працягвалася” на падставе арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Спецдакладчык нагадаў, што гэты артыкул неаднаразова крытыкавалі эксперты ААН.
“Гэтыя людзі з нецярпеннем чакалі вяртання дадому, да сваіх сем’яў. Замест гэтага іх выслалі з краіны, пакінулі без сродкаў да існавання, а ў некаторых выпадках яшчэ і пазбавілі дакументаў, што пацвярджаюць асобу”, — падкрэсліў Муйжніекс.
“Вяртанне ў Беларусь для іх азначае новыя крымінальныя абвінавачанні і турэмнае зняволенне. Гэта не памілаванне, а прымусовае выгнанне”, — дадаў ён.
У дакуменце адзначана, што Муйжніекс ды іншыя эксперты ААН неаднаразова ўказвалі на “паслядоўныя заявы, якія ім паступаюць, пра паўсюднае жорсткае абыходжанне са зняволенымі” ў месцах несвабоды ў Беларусі, асабліва ў дачыненні да асоб, асуджаных у сувязі з пратэстамі 2020 года. Нагадваецца, што некалькі палітвязняў памерла ў месцах пазбаўлення волі пры нявысветленых абставінах, іншыя памерлі неўзабаве пасля вызвалення.
“Хоць вызваленне вязняў, безумоўна, прыносіць палягчэнне, беларускія ўлады не дэманструюць ніякіх прыкметаў змены палітыкі або практыкі рэпрэсій, не робяць ніякіх заяў у гэтым кірунку, — адзначыў Муйжніекс. — Да тае пары, пакуль вінаватыя ў сур’ёзных парушэннях правоў чалавека не будуць прыцягнутыя да адказнасці, пакуль усе палітвязні не будуць вызваленыя, а ўсе беларусы, якія знаходзяцца ў выгнанні, не змогуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь і не атрымаюць магчымасці свабодна выказвацца і працаваць, мы не зможам казаць пра нармалізацыю сітуацыі”.
13 снежня пасля перагавораў у Мінску спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі былі вызваленыя і вывезеныя з краіны 123 палітвязні. Большасць з іх накіравалі ва Украіну.
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаПадпіска на агульнарэспубліканскія прапагандысцкія СМІ падаражэла за паўгоддзе на 5–23%, за год — на 10–39% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка



