У Літве затрыманы 21 падазраваны ў датычнасці да кантрабанды беларускіх цыгарэт з дапамогай метэазондаў
17 снежня, Позірк. Раніцай 16 снежня супрацоўнікамі Бюро крымінальнай паліцыі Літвы былі затрыманы “асобы, падазраваныя ў ажыццяўленні кантрабанды з дапамогай спецыяльна падрыхтаваных для гэтага паветраных шароў і ў садзейнічанні іншай дзяржаве ў дзеяннях супраць Літвы”.
Як паведамляе паліцыя Літвы, у затрыманні 21 чалавека і правядзенні 80 вобшукаў удзельнічалі падраздзяленні па антытэрарыстычных аперацыях „Aras“ і супрацоўнікі галоўнага паліцэйскага ўпраўлення Віленскай акругі — усяго больш за 140 праваахоўнікаў.
Усе фігуранты падазраюцца ў прыналежнасці да арганізаванай злачыннай групы. Канфіскаваныя цыгарэты з беларускімі акцызнымі маркамі, SIM-карты, прылады для блакавання GPS-сувязі, агнястрэльная зброя і “іншыя прадметы”.
Таксама была канфіскавана і арыштавана маёмасць, у тым ліку аўтамабілі люкс-класа і іншая каштоўная маёмасць, агульны кошт якой, паводле наяўных звестак, складае прыкладна 720.000 еўра.
Паведамляецца, што аперацыі папярэднічала “інтэнсіўная і мэтанакіраваная крыміналістычная разведка, а на больш познім этапе — дасудовыя расследаванні”.
Паводле звестак паліцыі, “арганізаваная група сістэматычна ажыццяўляла кантрабанду цыгарэт, і ўвесь працэс быў строга цэнтралізаваны, скаардынаваны і кантраляваўся арганізатарамі (лідарамі) гэтай групы і іх даверанымі асобамі”.
Мяркуецца, што арганізатары “непасрэдна падтрымлівалі кантакты з саўдзельнікамі, якія дзейнічалі ў Рэспубліцы Беларусь, адкуль пры спрыяльных метэаралагічных умовах цэнтралізавана і масава запускаліся паветраныя шары з кантрабандным грузам”: “З дапамогай абсталявання сачэння (GPS) і адпаведных праграм адсочвалася перамяшчэнне паветраных шароў, а дакладныя каардынаты іх прызямлення ў Літве перадаваліся выканаўцам. Пасля атрымання кантрабанды апошні павінен быў даставіць яе ў загадзя ўзгодненыя пункты або перадаць іншым асобам, датычным да злачынстваў”.
Затрыманым ужо прад’яўлены абвінавачанні ў злачынных дзеяннях, прадугледжаных чатырма артыкуламі Крымінальнага кодэкса Літвы.
Адзначаецца, што “29 кастрычніка 2025 года распараджэннем міністра ўнутраных спраў была створана сумесная следчая група, якая аб’яднала магчымасці літоўскай паліцыі, Дзяржаўнай памежнай службы, Службы расследавання фінансавых злачынстваў, Мытнай крымінальнай службы і Ваеннай паліцыі для барацьбы з кантрабандай, якая перавозіцца на паветраных шарах”.
24 лістапада быў створаны аб’яднаны камандна-каардынацыйны цэнтр згаданай групы, “для правядзення мэтанакіраваных прафілактычных мерапрыемстваў было задзейнічана больш за 600 падраздзяленняў сіл”: “Праверана больш за 13 тыс. чалавек, выяўлена больш за 110 парушэнняў закона, канфіскавана 42 паветраныя шары і канфіскавана больш за 86 тыс. пачкаў цыгарэт”.
15 снежня Савет ЕС увёў новы крытэрый для ўключэння ў санкцыйныя спісы “фізічных асоб, арганізацый і органаў, якія атрымліваюць выгаду ад дзеянняў або палітыкі, якая мае дачыненне да Рэспублікі Беларусь, удзельнічаюць у іх або спрыяюць ім, калі такія дзеянні падрываюць або пагражаюць дэмакратыі, вяршэнству права, стабільнасці або бяспецы ў ЕС і яго дзяржавах-членах”. Паведамлялася, што рашэнне “стала наступствам нядаўніх выпадкаў уварвання метэаралагічных шароў у паветраную прастору Літвы”.
Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коўл пасля вяртання ў Вільнюс з Мінска, дзе 12 і 13 снежня праводзіў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў, што апошні паабяцаў яму садзейнічаць у спыненні палётаў метэазондаў з Беларусі ў Літву.
Апошні раз аэрапорт Вільнюса прыпыняў працу ў сувязі з метэазондамі з Беларусі 6 снежня.
9 снежня ўрад Літвы абвясціў экстранную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне было прынята “ў сувязі з працяглай пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) наваколля, якую стварае тое, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ Беларусі няма дэфіцыту кадраў у сферы турызму, сцвярджаюць чыноўнікіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка, ЭканомікаЗа студзень — кастрычнік экспарт турпаслуг павялічыўся на 144% — МінспортуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка



