Мінск 01:41

Два беларусы абвінавачваюцца ў Грузіі ў набыцці і захоўванні наркотыкаў у асабліва буйным памеры

16 снежня, Позірк. Пра затрыманне двух грамадзян Беларусі, мужчын 2003 і 2005 гадоў нараджэння, паводле абвінавачання ў “незаконным набыцці і захоўванні наркатычных сродкаў у асабліва буйным і асабліва вялікім памеры” паведаміла прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі.

У выніку вобшуку ў пастаянным і часовым жыллі беларусаў у Хелвачаурскім муніцыпалітэце Аджарыі супрацоўнікі праваахоўных органаў “канфіскавалі ў якасці рэчавых доказаў да паўкілаграма сушанай марыхуаны, расфасаванай у 100 пакетаў”.

Згодна з мясцовым заканадаўствам, абвінавачаным пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

22 кастрычніка МУС Грузіі паведамляла пра затрыманне грамадзян Беларусі (1999 г.н.) і Украіны (1985 г.н.). Як адзначалася, у выніку ператрусу асабістых рэчаў, аўтамабіляў і кватэры затрыманых “канфіскавана ў якасці рэчавога доказу наркатычны сродак “Альфа ПВП” у асабліва буйным памеры, расфасаваны для збыту, а таксама матэрыялы, неабходныя для ўпакоўкі наркотыкаў”.

27 верасня паведамлялася, што два грамадзяніны Беларусі, а таксама грамадзянін Азербайджана былі затрыманыя ў Грузіі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць у складзе групы.

“Падчас расследавання ўстаноўлена, што абвінавачаныя, праследуючы мэту незаконнага атрымання матэрыяльнай выгады, з Тбілісі і Батумі ажыццяўлялі аперацыі з рознымі лічбавымі віртуальнымі актывамі (крыптавалютамі. — “Позірк”.), не маючы абавязковай рэгістрацыі Нацыянальнага банка Грузіі”, — гаварылася ў паведамленні следчай службы Міністэрства фінансаў Грузіі. У выніку яны “атрымлівалі значны даход у выглядзе камісійных ад канвертаваных актываў”.

Паводле інфармацыі ведамства, падчас следчых дзеянняў былі канфіскаваныя наяўныя сродкі — каля 247 тыс. долараў, 1,7 тыс. еўра, больш за 103 тыс. лары (1 долар роўны 2,7 лары) ды інш.

Падзяліцца: