“Рэпарцёры без межаў” віталі вызваленне экс-галоўрэда tut.by Золатавай і запатрабавалі спыніць пераслед СМІ ў Беларусі

15 снежня, Позірк. Праваабарончая арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” (RST) вітае вызваленне былога галоўнага рэдактара партала tut.by Марыны Золатавай, гаворыцца ў заяве арганізацыі.
RSF выказвае надзею, што ўсе затрыманыя ў Беларусі журналісты неўзабаве будуць вызваленыя.
Золатава “несправядліва правяла больш за чатыры гады ў зняволенні за незалежную працу на сайце tut.by”, адзначыла кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі RST Жанна Кавелье. “Аднак яе вызваленне дэманструе цынізм рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які працягвае выкарыстоўваць палітычных зняволеных і журналістаў, асуджаных за сваю працу, у якасці рэальнай разменнай карты ў дыпламатычных перамовах. “Рэпарцёры без межаў” заклікаюць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх затрыманых журналістаў і да спынення сістэматычнага падаўлення незалежнай інфармацыі”, — сказала Кавелье.
17 сакавіка 2023 года Марына Золатава і гендырэктар “ТУТ БАЙ медыя” Людміла Чэкіна (застаецца ў зняволенні) былі прысуджаныя да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Іншыя абвінавачаныя па справе — рэдактар палітыка-эканамічнага блока Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова і юрысконсульт Кацярына Ткачэнка — на працэс не з’явіліся, паколькі пасля вызвалення з-пад варты пакінулі краіну. Яны былі абвешчаныя ў вышук.
Чэкінай, Золатавай, Лойка і Талкачовай інкрымінавалі арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў), арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці або варажнечы), арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) Крымінальнага кодэкса. Ткачэнка была абвінавачаная паводле арт. 243 і 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) КК.
У кастрычніку 2022 года Золатаву, Чэкіну, Лойка і Талкачову КДБ унёс у пералік асоб, “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.
Усяго па “справе tut.by” было затрымана 15 чалавек. З цягам часу агульная колькасць абвінавачаных скарацілася да пяці (Золатава, Чэкіна, Лойка, Талкачова, Ткачэнка), пазней у няволі засталося два чалавекі (Золатава і Чэкіна).
3 снежня 2020 года Эканамічны суд Мінска пазбавіў партал tut.by статусу СМІ, 14 чэрвеня 2022 года — прызнаў ТАА “ТУТ БАЙ медыя” “экстрэмісцкай арганізацыяй”.
Найбуйнейшы недзяржаўны інтэрнэт-партал Беларусі быў разгромлены ўладамі ў траўні 2021 года. Частка каманды, якая засталася на волі, пакінула краіну і ў ліпені таго ж года стварыла праект “Зеркало”. У Беларусі і Расіі доступ да сайта заблакаваны. Кантэнт сайта ў Беларусі прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.
13 снежня пасля перамоваў у Мінску спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі былі вызваленыя і вывезеныя з краіны 123 палітвязні. Большасць з іх, у тым ліку Золатава, цяпер знаходзіцца ва Украіне.
ЗША заявілі аб зняцці санкцый з беларускіх калійных угнаенняў.
9 снежня паведамлялася, што, паводле звестак “Рэпарцёраў без межаў”, Беларусь знаходзіцца на 4-м месцы ў свеце па колькасці зняволеных журналістаў. Паводле інфармацыі арганізацыі, у Беларусі пазбаўленыя волі 33 прадстаўнікі СМІ (Беларуская асацыяцыя журналістаў на той момант і цяпер паведамляе пра 28).
На 1 снежня ў 47 краінах свету 503 журналісты знаходзіліся ў няволі. У тройцы лідараў “краін — турмаў для журналістаў” Кітай (121), Расія (48) і М’янма (47).
“Рэпарцёры без межаў” адзначалі, што сітуацыя ў Расіі, Грузіі, Азербайджане, Беларусі з’яўляецца “нагляднай ілюстрацыяй сур’ёзнай небяспекі для свабоды прэсы ў краінах былога СССР”.
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПасля прарыву мігрантаў праз тунэль Польшча не фіксуе спробаў незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаЗа 11 месяцаў у абароненым грунце вырашчана на 2,3% гародніны менш, чым годам ранейМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка



