Мінск 20:45

Пасля прарыву мігрантаў праз тунэль Польшча не фіксуе спробаў незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі

Ілюстрацыя: strazgraniczna.pl

15 снежня, Позірк. Цягам трох дзён, якія прайшлі пасля прарыву мігрантаў праз падземны тунэль, з 12 да 14 снежня, Польшча не фіксавала спробаў незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі, вынікае з праведзенага Позіркам аналізу аператыўных звестак памежнай службы суседняй краіны.

12 снежня яна паведаміла, што напярэдадні недалёка ад вёскі Нарэўка ў Падляскім ваяводстве (з беларускага боку вёска Тушэмля Свіслацкага раёна Гарадзенскай вобласці) знойдзены тунэль. Уваход у яго знаходзіўся ў лесе за 50 метраў ад мяжы з Польшчай, праходзіў пад дарогай і плотам, выхад быў выкапаны на польскай тэрыторыі за 10 метраў ад плота. Вышыня тунэлю складала 1,5 метра.

Было затрымана больш за 130 нелегальных мігрантаў, пошук астатніх на той момант працягваўся: сістэмы назірання зафіксавалі пранікненне больш за 180 замежнікаў (выніковая колькасць спробаў за суткі 186, аднак невядома, ці толькі ў гэтым месцы або ўздоўж усёй мяжы з Беларуссю).

15 снежня ў эфіры радыё RMF24 намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Чэслаў Мрочак паведаміў, што праз тунэль прайшло каля 100 чалавек, 40 з іх усё яшчэ адшукваецца. Паводле яго слоў, сярод мігрантаў ёсць спецыялісты па будаўніцтве тунэляў: ранейшыя спосабы патрапіць у Еўрасаюз перасталі быць эфектыўнымі.

Іншая актуальная статыстыка даступная падпісчыкам “Позірк+” (калі спасылка не працуе, калі ласка, карыстайцеся гэтай)

Падзяліцца: