Мінск 20:39

Малады кіроўца і 17-гадовы пасажыр загінулі ў ДТЗ пасля сутыкнення з ласём у Буда-Кашалёўскім раёне

Фота: ДАІ Гомельскай вобласці

15 снежня, Позірк. Аб смяротным дарожна-транспартным здарэнні паведаміла Дзяржаўтаінспекцыя Гомельскай вобласці.

Аварыя здарылася ўвечары 13 снежня недалёка ад вёскі Забалоцце Буда-Кашалёўскага раёна.

Паводле папярэдняй інфармацыі, на трасе М-8 “мяжа Расіі — Віцебск — Гомель — мяжа Украіны” 20-гадовы кіроўца аўтамабіля “Мазда” “здзейсніў наезд на дзікую жывёлу (лось), якая раптам з’явілася, пасля чаго з’ехаў на абочыну і перакуліўся ў меліярацыйны канал”.

У выніку ДТЗ кіроўца і 17-гадовы пасажыр загінулі. Пра лёс жывёлы не паведамляецца.

Са студзеня па красавік 2025 года было “зафіксавана 1.255 фактаў ДТЗ з удзелам паляўнічых жывёл нармаваных відаў, што на 215 фактаў больш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года”, заявіла прэс-сакратар Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Юлія Рагалінская.

21 траўня намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Павел Гештаўт заявіў, што ў 2024 годзе на дарогах краіны ў выніку ДТЗ загінула альбо было траўмавана каля 3,8 тыс. дзікіх жывёл.

Паводле яго слоў, больш за ўсё ахвяр — звыш 2,5 тыс. — сярод казуль. Таксама загінула або пацярпела больш за 1 тыс. ласёў, 158 аленяў, 136 дзікоў. З кожным годам колькасць ДТЗ з удзелам жывёл павялічваецца.

Паводле даных Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, у 2024 годзе здарылася 3.771 аварыя з удзелам дзікіх жывёл — на 11,8% больш, чым у 2023-м. Загінулі альбо атрымалі траўмы 3.385 жывёл, якія адносяцца да паляўнічых. Часцей за ўсё ў ДТЗ траплялі казулі (2.504; у 2023-м — 2.264) і ласі (1.020; 915).

Падзяліцца: