Мінск 00:50

Частку вызваленых 13 снежня палітвязняў выслалі з Беларусі без пашпартоў

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

14 снежня, Позірк. Частку вызваленых 13 снежня палітвязняў выслалі з Беларусі без пашпартоў, вынікае з заявы аднаго з былых вязняў, каардынатара кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзіміра Лабковіча на прэс-канферэнцыі 14 снежня ў Чарнігаве (Украіна).

Паводле слоў праваабаронцы, ні ў яго, ані ў іншых удзельнікаў сустрэчы з журналістамі — прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе Віктара Бабарыкі, члена яго каманды Марыі Калеснікавай, палітолага і літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты — пашпартоў няма.

“Нам выдалі такую ​​даведку пра вызваленне — аркушык [фармату] А4, на якім нашая фатаграфія, [інфармацыя] пра тое, што мы вызваляемся, нашы пэўныя пашпартныя даныя”, — сказаў ён.

Лабковіч падзякаваў Украіне за тое, што вывезеных з Беларусі вязняў прынялі без дакументаў.

“Мы вельмі ўдзячныя за арганізацыю нашай дастаўкі з украінскага боку — ён быў максімальна душэўным, камфортным, гасцінным, — адзначыў праваабаронца. — Мы разумеем, што гэта сапраўды вельмі-вельмі важна і складана ў тых умовах, у якіх цяпер знаходзіцца Украіна”.

У кантэксце адказу на пытанне пра дакументы Лабковіч адказаў на папярэдняе — пра дасведчанасць вызваленых пра вайну Расіі супраць Украіны, стаўленне да рэжыму Уладзіміра Пуціна і яго супрацы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Праваабаронца падкрэсліў, што выказвае “поўную салідарнасць” украінскаму народу. Паводле яго слоў, у многіх месцах няволі, дзе яму давялося пабываць, 80–90% зняволеных “аднадушна падзяляюць боль Украіны і выказваюць аднадушную пазіцыю па гэтай вайне”.

“Але мы не ведаем, што будзе далей — пакуль што, — працягнуў ён адказваць на пытанне пра дакументы. — Мы вельмі спадзяемся, што назад нас не аддадуць, так што цяпер толькі наперад. І што, як я думаю, мы далей зможам нейкім чынам натуралізавацца [за мяжой], мець дакумент, юрыдычны статус і надалей працягваць сваю дзейнасць”.

Бабарыка пра інфармаванасць наконт вайны адказаў расплывіста: “Мы нічога не ведаем дакладна, бо ў тых умовах, у якіх мы знаходзіліся, доступ да інфармацыі быў вельмі і вельмі абмежаваны. Я не кажу, праўдзівы ці не праўдзівы, але толькі аднабаковы, гэта значыць з боку беларускіх [дзяржаўных] СМІ”.

“Таму каментаваць нешта і даваць ацэнку, калі ты ведаеш толькі пазіцыю аднаго боку, — справа бессэнсоўная. Таму ўсё, што тычыцца таго, што адбываецца ў знешнім свеце, асабліва, дзе пытанні тычацца нейкіх спрэчных момантаў, у якіх прысутнічае больш за адзін бок, я думаю, ад нас вы мала што атрымаеце”, — заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта.

Варта адзначыць, што вызвалены напярэдадні кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі, якога вывезлі ў Літву, свой пашпарт атрымаў. Беларускі дакумент яму аддалі не адразу — спачатку пашпарт перадалі літоўскім памежнікам, а да ўладальніка ён вярнуўся толькі ў амерыканскай амбасадзе ў Вільнюсе.

13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцей паміж Мінскам і Вашынгтонам Лукашэнка памілаваў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 іншаземцаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. 109 беларусаў і 5 украінцаў прыбылі на тэрыторыю Украіны праз пункты пропуску Новая Гута / Новыя Ярылавічы, праз якія Украіна і Расія звычайна праводзяць абмен палоннымі.

Бяляцкі: Важна і надалей трымаць фокус на палітзняволеных

13 снежня, Позірк. Лаурэат Нобелеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі даведаўся пра сваё вызваленне толькі ўначы перад тым, як яго вывезлі з Беларусі. "Сёння ў 4 гадзіны ночы мяне разбудзіў дзяжурны па нашым атрадзе, калі я выйшаў, …
Падзяліцца: