Былы кіраўнік Саюза палякаў Борыс заявіла, што Пачобут не быў у спісе беларускай апазіцыі — дарадцы Ціханоўскай абверглі
Упершыню апублікавана ў анлайн-рэпартажы пра вызваленне 123 вязняў, дададзена інфармацыя пра публічныя рэакцыі Барыса Гарэцкага і Мікалая Халезіна

14 снежня, Позірк. Анджэй Пачобут не быў у спісе беларускай апазіцыі на вызваленне, бо з’яўляецца прадстаўніком польскай меншасці. Такую заяву зрабіла былы кіраўнік Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс, якая пражывае ў краіне.
“Вельмі прашу журналістаў не спекуляваць наконт Анджэя Пачобута, я вельмі асабіста шкадую і спадзяюся на ягонае вызваленне. Анджэю ніхто ніколі не прапаноўваў за ўсе гэтыя гады напісаць якія-небудзь просьбы аб памілаванні, не было і гаворкі пра яго ад’езд з Беларусі (мы з Анджэем з самага пачатку адмовіліся з’язджаць), потым ніякіх прапаноў не было, проста Анджэй не быў у спісе беларускай апазіцыі, таму што ён прадстаўнік польскай меншасці. Я вельмі радая, што людзі на волі, добрага здароўя ўсім зычу і сіл”, — напісала Борыс.
З абвяржэннем яе слоў выступілі дарадцы Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка (галоўны) і Дзяніс Кучынскі (па дыпламатычных пытаннях).
“Анджэй Пачобут быў у кожным нашым спісе, і агульных, і прафесійных. І мы, і саюзнікі, і ЗША, а ў першую чаргу Польшча і польскі ўрад біліся за Пачобута. Праблема на баку Лукашэнкі, які не хоча Пачобута выпускаць”, — заявіў журналістам Франак Вячорка.
“З’яўляючыся прадстаўніком польскай меншасці, ён не перастае быць беларускім грамадзянінам, і вядома, што ён быў у розных спісах”, — адзначыў Дзяніс Кучынскі.
Анжаліка Борыс пакінула без адказу пытанне, якое паставіў па-польску ў каментарах да яе заявы член Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі: “Анджэй не быў у спісе беларускай апазіцыі?”
Рэжысёр Мікалай Халезін заявіў, што першапачаткова ў спісе быў 151 чалавек — на 28 больш, чым у выніку вызвалілі. Пачобут таксама быў там, “але мы не ведаем, калі ён быў адтуль выключаны”. “Гэта гісторыя складаная, дзе перамовы адбываюцца не проста за зачыненымі дзвярыма — за забітымі наглуха”, — напісаў Халезін.
8 лютага 2023 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) Крымінальнага кодэкса.
Пасля рашэння суда, 10 лютага 2023 года, Польшча закрыла адзін з двух даступных на той момант для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца), які аднавіў працу сёлета 17 лістапада.
16 снежня ў Еўрапарламенце дачцэ Анджэя Пачобута будзе ўручаная прысуджаная журналісту прэмія “За свабоду думкі” імя Сахарава. 10 снежня “за мужнасць і стойкасць“ ён быў удастоены прэміі “Абаронца правоў чалавека 2025 года“, заснаванай Заходне-Паморскім ваяводствам Польшчы.
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Навіны Германіі, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка



