Мінск 23:06

Зараз не час памяншаць ціск на рэжым Лукашэнкі, упэўненая Ціханоўская

13 снежня, Позірк. Беларускіх палітвязняў, якіх вызвалілі 13 снежня і вывезлі ва Украіну, размясцяць у санаторыі на ўкраінскай тэрыторыі, заявіла журналістам дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Мы вельмі ўдзячныя, павінна падкрэсліць, нашым украінскім сябрам за тое, што вельмі хутка змабілізаваліся і змаглі прыняць нашых родных, нашых любімых на тэрыторыі Украіны, — сказала яна. — Заўтра будзем вырашаць пра лагістыку. Мы ў камунікацыі з польскімі партнёрамі і з літоўцамі — што рабіць далей, хто ў якую краіну хоча, ці магчыма гэта ўвогуле. На сёння інфармацыі больш такой канкрэтнай не будзе”.

“Што наконт спісаў, імёны [вызваленых] мы маем, але будзем рабіць такім чынам — родныя, хто хоча даведацца, можа званіць на гарачую лінію і запытваць пра канкрэтныя імёны”, — адзначыла Ціханоўская. Кажучы пра тое, чаму дэмсілы не публікуюць спіс, палітык адзначыла, што не ўсе палітвязні хочуць, каб іх імёны ведалі.

На пытанне, ці паведаміў ёй спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл дэталі перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам, пасля якіх была вызваленая вялікая група палітвязняў, дэмлідар адказала: “Паведаміў, але я не магу раскрываць сутнасць нашых размоў. Ведаю, што перамовы былі досыць цяжкія. Але ўпэўненая, што ў будучыні наступны раўнд будзе мець месца”.

Калі вывезеных ва Украіну былых палітвязняў прывязуць у Польшчу ці Літву, Ціханоўская меркаваць не стала. “Але ўжо з заўтрашняга дня працэс распачнецца, бо ў нас падрыхтаваны прытулак, падрыхтаваныя аўтобусы, каб забіраць. Зноў жа, вядуцца перамовы з польскім бокам, ці маецца магчымаць тым, хто хоча застацца, напрыклад, у Польшчы, там застацца. Гэта, вядома, вырашае дзяржава”, — сказала яна.

На пытанне, што амерыканцы думаюць пра сам вываз вызваленых ва Украіну, ці было гэта часткай дамовы, Ціханоўская адказала: “Яшчэ раз, перамовы былі досыць цяжкія, вось такія былі пастаўленыя ўмовы, каб людзі — з многіх прычын — выехалі ва Украіну. Я не магу сказаць больш”.

Нагадаўшы пра тое, што ў турмах застаецца яшчэ больш за тысячу людзей, прызнаных палітвязнямі, палітык заявіла, што задача дэмсіл, амерыканскіх і еўрапейскіх партнёраў — дамагчыся вызвалення ўсіх. “Рознымі метадамі, рознымі інструментамі, але каб усе людзі выйшлі. І самае галоўнае, каб больш не саджалі новых”, — падкрэсліла яна.

Кажучы пра тое, што могуць зараз зрабіць беларусы для вызваленых, Ціханоўская заклікала, калі маецца магчымасць, “данаціць на падтрымку палітзняволеных”.

“Зараз шматлікія арганізацыі збіраюць данаты, — сказала яна. — Насамрэч вельмі цяжка прыняць адразу больш за сто чалавек. Як я кажу, уся інфраструктура гатовая, але ж людзям патрэбная будзе і рэабілітацыя. З боку палітыкаў мы робім усё магчымае, каб замежны фонд падтрымкі палітвязняў толькі рос. На кожных перамовах мы падкрэсліваем, што трэба ўкласціся ў гэты фонд. Дай бог, у наступным годзе ўжо не патрэбна будзе”.

На пытанне, ці не лічыць яна, што Лукашэнка атрымаў больш, чым яго апаненты, ці не ёсць здзекам тое, што вызваленых вывезлі ва Украіну, Ціханоўская адказала: “А што мы маглі ўвогуле чакаць ад Лукашэнкі? Што ён не будзе здзеквацца, што ён гуманізм праявіць. Ён працуе так, як ён працуе. Мы ведаем, што гэта за чалавек. <…> Лукашэнку патрэбна паказаць, што ён кантралюе сітуацыю, але, я думаю, што нашыя партнёры таксама зрабілі нейкія высновы”.

“Мы павінны дзякаваць амерыканскім партнёрам і рэжыму ціску на Лукашэнку за тое, што ён вызваліў гэтых людзей, — заявіла палітык. — Я ўпэўненая, што ён вызваліў іх таму, што быў ціск. Калі кажуць, што санкцыі не працуюць, — яны працуюць. <…> Яму балюча ад гэтага”.

“Зараз не час памяншаць ціск. Вядома, дыпламатычныя перамовы патрэбныя, мы заўжды за гэта выступалі, заўжды заклікалі еўрапейскія краіны, якія маюць амбасады ў Мінску, каб яны выстаўлялі ўмовы — вызваляйце палітвязняў, тады можна будзе больш-менш размаўляць”, — дадала дэмлідар.

На пытанне, ці зменіць нейкім чынам яе працу вызваленне Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай, Ціханоўская адказала: “Вядома, заўжды добра падзяліць адказнасць, тым больш з Машай”.

“Але я магу з гонарам сказаць, што ўсе гэтыя гады тое, да чаго Маша заклікала ў 2020 годзе — дзяўбсці, дзяўбсці, дзяўбсці, — мы гэта і робім. Гэта тое, як Маша бачыла супраціў Лукашэнку. Я спадзяюся, што яна засталася пры сваіх намерах, пры сваёй пазіцыі. Наша Маша нязломная”, — дадала палітык, адзначыўшы, што будзе радая стэлефанавацца ці сустрэцца з ёй ды іншымі вызваленымі.

Лукашэнка вызваліў 123 палітзняволеных, 114 вывезена ва Украіну (анлайн)

13 снежня, Позірк. "У рамках дасягнутых дамоўленасцяў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і на ягоную просьбу, у сувязі з скасаваннем незаконных санкцый супраць калійнай галіны Рэспублікі Беларусь, уведзеных адміністрацыяй папярэдняга прэзідэнта ЗША Байдэна, і ў сувязі з пераходам у практычную …
Падзяліцца: