Мінск 17:44

Польскія памежнікі выявілі тунэль пад плотам, затрымана больш за 130 мігрантаў, якія праніклі з Беларусі

Фота: strazgraniczna.pl

12 снежня, Позірк. Тунэль пад плотам на беларуска-польскай мяжы выявілі супрацоўнікі Памежнай аховы Польшчы.

Як паведамляе ведамства, затрымана больш за 130 нелегальных мігрантаў, пошук астатніх працягваецца: сістэмы назірання зафіксавалі пранікненне больш за 180 замежнікаў.

Тунэль быў выкапаны недалёка ад вёскі Нарэўка ў Падляскім ваяводстве (з беларускага боку знаходзіцца вёска Тушэмля Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці). Уваход быў у лесе за 50 метраў ад мяжы з Польшчай, праходзіў пад дарогай і плотам, выхад быў выкапаны на польскай тэрыторыі за 10 метраў ад плота. Вышыня тунэлю 1,5 метра.

Фота: strazgraniczna.pl

У пошуку нелегалаў, якія збеглі, бяруць удзел вайскоўцы і сабакі.

Сярод затрыманых у асноўным грамадзяне Афганістана, Пакістана, а таксама прыезджыя з Непала і Бангладэш.

Затрыманыя таксама два кіроўцы, якія прыехалі па мігрантаў — 69-гадовы мясцовы жыхар і 49-гадовы грамадзянін Літвы. Яны павінны былі даставіць людзей “на захад Еўропы”.

Памежная служба адзначае, што ў 2025 годзе гэта чацвёрты падкоп, выяўлены яе падляскім аддзелам.

Згодна з праведзеным Позіркам аналізам штодзённых звестак Памежнай аховы Польшчы, за папярэднія амаль два тыдні (з 28 лістапада да 10 снежня) было зафіксавана ўсяго 5 спробаў незаконнай міграцыі на яе тэрыторыю з Беларусі. З 2 па 9 снежня мігранты ля мяжы не назіраліся.

Цяперашняя сутачная колькасць стала рэкорднай пасля 30 жніўня 2025 года.

З пачатку года польскія службы зафіксавалі каля 29 тыс. спробаў пранікнення нелегалаў з беларускай тэрыторыі. Гэта супастаўна з леташняй статыстыкай.

Падзяліцца: